Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 1
Чаму яны з сябрамі заўсёды ўяўлялі радзіму ў абліччы Чароўнай Дамы, няшчаснай і адначасова жорсткай, за якую варта памерці і ад якой нельга чакаць удзячнасці?
Рамантыкі…
Ці то здаецца, ці сапраўды да птушынага аркестра далучаецца медзь далёкага сабачага брэху. Уся істота чалавека зусім па-жывёльнаму ўздрыгвае і намагаецца ўцякаць… Але цела ўжо зрабілася часткай зямлі. Пагоня спозніцца. Што ж, зацкаваны звер назаўсёды застанецца ў зялёнай яміне. Скрозь густыя шаты дрэваў сеюцца сляпучыя сонечныя прамяні, яны ўтвараюць лесвіцу, ніжняя прыступка – на самых грудзях чалавека, а верхнія губляюцца ў зялёна-блакітнай вышыні. Яшчэ адно, што трэба аддаць зямлі… Чалавек дастае з-пад лахманоў скрываўлены скрутак і апошнім намаганнем непаслухмяных цягліцаў хавае яго глыбей пад выварачанае карэнне сасны…
Сінія-сінія вочы чалавека на звярыным, у крыві і гразі, абліччы спыняюцца на краі маленькай аблачынкі, бачнай праз акенца ў зялёных шатах. З аблачынкі светла-светла ўсміхаецца анёл.
Маскоўскія камуналкі
Выбар быў невялікі. Або невыносная нуда палітзаняткаў, або спартыўныя секцыя, або дабрачынная дапамога самотным старым.
Магдаліна выбрала апошняе.
– Ну ты неахайніца! – жахалася аднакурсніца, паўнаватая ружовашчокая Светка-сібірачка. – Побач з табою няёмка прызнавацца, што вучымся ў Літінстытуце. Хоць бы куртку на плячы зацыравала…
– Клопаты пра знешнасць перашкодзяць майму ўнутранаму самавыяўленню! – рагатала невыносная Магдаліна, рассякаючы чарговую лужыну замшавымі чаравікамі, захляпанымі маскоўскай гразёю. – А пра Літінстытут я ўвогуле змаўчала б. Падумаеш, гонар – грамадскае даручэнне… Думала, хоць тут, у «элтарнай» установе, няма такога маразму. Будзем казаць старэчам, што мы з ЖЭСа, і кропка.
– Ну што ў табе жаноцкага, – абурылася Светка. – Я ўяўляла, што беларуская дзяўчына мусіць быць блакітнавокая, светлавалосая, лагодная…
– А я нетыповая! – Магда «прычасала» непаслухмяныя валасы рукой, ведаючы, як гэты жэст не падабаецца акуратнай сяброўцы. – І ўвогуле, я – шляхцянка па паходжанні, можа, ува мне генетычна закладзена, што без прыслугі нічога рабіць не ўмею…
Магдаліна Дарбут нагаворвала на сябе. І рукі ў яе былі ўмелыя, і сама яна – стройная, гнуткая, валасы цёмнай капой – вабіла вока, нават у самай нязграбнай вопратцы. Прыгажосць, якая не ведае сама сябе… Бровы ўзлятаюць гарэзна і крыху здзіўлена. І ў тонкіх рысах твару – чаканне шчасця і палёту і неўсвядомленая трывога – як на карцінах Батычэлі. Вось толькі сустрэнецца з паглядам зялёных вачэй выпадковы залётнік – і свой пагляд адвядзе, і пашыбуе далей, да лагодных і зразумелых.
А веснавыя сонечныя зайчыкі скакалі па лужынах, па мокрым каменні брукаванкі, зазіралі ў сляпыя вокны двухпавярховых прысадзістых дамоў, нібыта адтуль маглі выглянуць шчаслівыя абліччы.
Але гэта быў раён камуналак. Некалі жылі тут шаноўныя купцы, ружавелі круглыя твары іхніх жонак, грэліся на вокнах таўсматыя коткі… Магчыма, што з цікавасцю паглядалі тыя жонкі, як вядуць у кайданах па вузкай брукаванай вулцы ўдзельнікаў разгромленага ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі паўстання…
Але Магда пра гэта думала роўна столькі ж, як і вераб'і, што купаліся ў лужынках перад бруднымі пад'ездамі.
Задача дзяўчат была нескладаная. У дэканаце ім выдалі спіс адзінокіх старых. Належала наведацца па кожным адрасе і распытаць іх пра надзённыя патрэбы. Вядома, гэта не азначала, што ўсе патрэбы будуць задаволеныя. Разумелі гэта і старыя… Галоўнае, што да іх нехта прыйшоў, пагаварыў пра набалелае, выслухаў…
– Гатовыя