Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 3
Дым Айчыны…
Магдаліну Дарбут паклікалі да рэктара першы раз. І яна з цікавасцю разглядала загрувашчаны кніжнымі шафамі кабінет. Гіпсавы Максім Горкі пільна пазіраў на крышталёвую попельніцу, мусіць, прымерваючыся, каб распаліць там маленькае вогнішча, як любіў пры жыцці. Але сённяшні гаспадар кабінета быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця, і некранутая цыгарэтай попельніца блішчэла ўсімі гранямі.
– Вы ведаеце чалавека, якога завуць Іван Канстанцінавіч Хмель?
Пытанне прагучала не з вуснаў рэктара, які сядзеў за сталом, чытаючы нейкія паперы, а з левага кута. Магда аж сцепанулася. У крэсле сядзеў прыемны чалавек у бездакорным сінім, у тонкую шэрую палоску касцюме. І аблічча ў яго было прыемнае, усмешлівае… Вось толькі Магдаліне ад гэтае белазубай усмешкі чамусьці зрабілася непамысна. Немагчыма было нават уявіць – адказаць усмешкай.
– Ну дык ведаеце вы Івана Канстанцінавіча Хмеля? Магда разгубілася.
– Здаецца, не…
– Гэтага не можа быць. Падумайце. Іван Канстанцінавіч Хмель, тысяча дзевяцьсот трынаццатага года нараджэння, жыў па адрасе: Крывакаленны завулак, дом чатырнаццаць, кватэра шэсць.
Стары з крумкачом! Ну трэба ж! Магда, блытаючыся, распавяла пра грамадскае даручэнне. Рэктар упарта маўчаў. А незнаёмец у сінім касцюме нахіліўся наперад, нібы рыбак, што назірае за кругамі вакол паплаўка.
– Значыць, выпадак… А як вы патлумачыце, што ваш падапечны, які памёр тры дні таму, зрабіў вас сваёй адзінай спадчынніцай?
Магдаліна агаломшана глядзела на суразмоўцу. Рэктар нарэшце прыўзняў сівую галаву і кінуў з-пад акуляраў на Магдаліну дзіўны востры погляд. Нібы папярэджваў аб нечым.
– Вы камсамолка? – прагучала злева нібыта недарэчнае пытанне. А за ім – іншыя. Зусім як у таго старога… Пра сям'ю, пра бабуль і дзядуль, кім былі, дзе жылі… Ізноў – пра візіт да старога дзівака. Што гаварыў, няўжо нават не намякаў пра будучы запавет?
Нарэшце пытанні скончыліся, чалавек у сінім касцюме падняўся, кіўнуў на развітанне рэктару і выйшаў. Запанавала цішыня.
– Мне можна ісці? – знервавана запыталася Магда. Рэктар сядзеў не гледзячы на яе – неблагі чалавек і неблагі пісьменнік, навучаны выжываць. Як ні старайся – ніякіх эмоцый нельга было прачытаць ні на ягоным твары, ні ў голасе.
– У вас ёсць здольнасці, Магдаліна… Вы ведаеце, які сур'ёзны конкурс у нашу ўстанову. Мы прынялі вас, і гэта адзнака і… вялікі аванс. Да нашых студэнтаў прад'яўляюцца вельмі сур'ёзныя патрабаванні, на іх ускладзеная вялікая адказнасць…
Магдаліна напружана ўслухоўвалася ў плынь гладкіх фраз, якія закалыхвалі свядомасць сваёй плаўнасцю, акругласцю, нявызначанасцю. Пакуль, нарэшце, да яе не дайшоў сэнс, які хаваўся пад гэтай плыткасцю і акругласцю, – ёй прапаноўвалася пайсці з інстытута! У які яна паступала тры гады запар! Дзеля паступлення «адтрубіла» два гады ў завадской бібліятэцы, каб назапасіць