Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 9
Галька агледзелася, пазяхнула. Ёй было сумна. – Што вы тут робіце? Яшчэ вочы сабе не павыбівалі. Хадзем лепш пад грушу траву есці, – загадала яна камандзірскім тонам.
І яны пайшлі вузкай сцяжынкай на поле пад грушу. – Усё гэтае поле наш тата засеяў, – як бы між іншым паказвала вакол рукой Галька.
Поле зелянела маладым жытам. Пасярод поля ўзвышаўся пагорак, парослы дзікай травой і жоўтымі дзьмухаўцамі – у зялёным моры маленькі востраў, з пахіленай грушай замест пальмы.
– Грушу хацелі спілаваць, але тата не даў.
Адсюль, з пагорка, на ўсе чатыры бакі адкрываўся іхні родны краявід. Зялёная рунь пагранічнай паласой аддзяляла горад ад Слабады. Там, адкуль яны прыйшлі, у Слабадзе, няспешна цякло сваё жыццё. А наперадзе поле ўпіралася ледзь не пад самыя вокны белых гарадскіх пяціпавярховак, новенькіх і яшчэ недабудаваных. Сонца заходзіла ў тым баку, адбівалася ў шыбах, свяціла ў вочы.
Цікава было вось так стаяць на мяжы горада і сяла, узвышацца над гэтым, ды яшчэ і мець волю: хочаш – вяртайся дамоў, у Слабаду з яе домікамі, садамі, рэчкай, лесам, хочаш – ідзі ў горад з яго спакусамі.
– Ву-у-нь у тым доме, – не прамінула пахваліцца Галька, – мы будзем жыць. Татка кватэру там будуе.
Карл Капора быў майстар на ўсе рукі. І блізка нельга было ставіць Петрусёвага бацьку з механізатарам Карлам Капорам. Тое, што Марк толькі збіраўся зрабіць, дзядзька Карл ужо рабіў. Ён паспяваў зарабляць грошы, будаваць кватэру, на сваім трактары са зменным абсталяваннем араў поле, засяваў, жаў, малаціў; акрамя таго быў галоўны над чысцінёй у Слабадзе – звозіў смецце з бакаў на прыпынку, узімку чысціў вуліцы ад снегу касым нажом-адвалам, а ўлетку адмятаў іх круглым жорсткім венікам-валам, прычэпленым ззаду да трактара. Што і казаць – гэта табе не “капітан дальняга плавання”…
– А цяпер давайце есці траву. Без каманды не рабіць нічога! – папярэдзіла Галя.
Елі лежачы на жыватах. Трава сакавітая, сціснеш у пальцах, аж пырскае з яе. Есці трэба было так, як вучыла Галя: асцярожна цягнуць, тады травінка з ледзь чутным прыемным скрыпам выходзіць з сустава – кончык белы, і яго можна есці – салодкі, смачны… Калі ж падняліся – выкачаныя, выпэцканыя ў жоўтыя і ў зялёныя плямы, – Галька агледзела сваю спаднічку і калготкі і ледзь не заплакала. Але стрымалася. Будучы камандзіршай, бесклапотна сказала: – А-а, памыюцца! Давайце далей ляжаць! – і зноў плюхнулася на жывот; маўляў, мне ўсё роўна.
Ляжалі на цёплай траве ўкруг, цесненька, блізенька, галава да галавы, ногі ўраскід, падобныя на маленькіх маляроў, і шэпатам абмяркоўвалі важную, надзённую тэму: што будзе, калі Брэжнеў памрэ? І ці могуць такія людзі наогул паміраць?
– Брэжнеў ніколі не памрэ, – упэўнена сказаў Пятрок. – Яму вучоныя дадуць такі ўкол, ад якога ён памаладзее. А потым пастарэе – а яму зноў укол…
Гальцы і без таго было прыкра за спаднічку і калготкі, а тут яшчэ так яўна забіралі яе камандзірскія