Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 13
Паказаўся знаёмы “Ікарус”. Раптам усе пачалі хвалявацца: а можа не спыніцца? Аўтобус і праўда праехаў далей чым трэба, потым усё ж прытармазіў, даў задні ход і неахвотна спыніўся.
Ехаць было два прыпынкі. Раней Пятрусь бачыў школу толькі з акна аўтобуса. Звычайна калі вадзіцель аб’яўляў: “Школа!” – кожны раз ён прыліпаў лобам да шкла і з недаверам, нават са страхам пазіраў на цагляную трохпавярховую будыніну, якая трывала асацыіравалася ў яго з турмою. Колькі ён сябе помніў, старэйшыя палохалі яго: – Пачакай, пойдзеш у школу – пабачыш…
– Там, браце, не мёд!..
– Гуляй цяпер – бо ў школе не пагуляеш!..
Калі ім верыць, галоўная задача школы была ў абмежаванні свабоды, а ўся навука складалася з суцэльных забаронаў. Там на ўроках забаронена гаварыць, азірацца, уставаць, свістаць; няможна было нават, калі захочаш, выйсці ў прыбіральню. Трэба было толькі сядзець моўчкі, рукі склаўшы, і вачэй з настаўніка не зводзіць.
Аднак усё аказалася не такім і страшным. Пасля ўрачыстай лінейкі іх прывялі ў клас. Петрыка пасадзілі за адну парту з Тамашам. Клас вялікі, прыгожы. Стаяў прыемны пах, які бывае пасля рамонту. Праўда, каляровыя плакаты былі страшныя – на адным чалавек з разрэзаным жыватом, дзе ўсё напаказ, усе вантробы да апошняй кішачкі; на другім – чалавек зацягваецца цыгарэтай, і лёгкія ў яго гніласна-зялёныя, а побач другі чалавек удыхае водар ружы, і ў гэтага лёгкія чысценькія, ружовага колеру. Потым карта, глобус. Каля вялікай дошкі стэндзік, там кішэнькі для картак з лічбамі і з літарамі; да кожнай літары малюнак: “в” – вожык, “г” – грыб, “е” – лясная красуня-елка, “ё” – тая самая елка, толькі навагодняя, прыбраная бліскучымі цацкамі.
Малады настаўнік адразу спытаў: – Хто ведае на памяць верш? – Я!
– Хто?
– Дворак Пятрок!
Увесь клас так і паехаў са смеху. Пятрусь з Тамашам нічога не разумелі.
– З гэтага дня вы ўжо вялікія, – сказаў настаўнік. – Таму адвыкайце ад гэтых сю-сю, Марыначак-Паўліначак, Сяргейкаў-Петрачкоў. Наступны раз будзеш казаць – Дворак Пеця, або Дворак Пётр. Так і прыгажэй, і больш правільна. Ну, расказвай верш.
– Мы вясёлыя рабяты. Наша імя…
“Жарабяты”, – хіхікнулі ззаду.
– Акцябраты! – пакрыўджана выгукнуў Петрык.
– Добра, сядай. А хто ўжо ўмее чытаць?
– Я! Я – Дворак Пётр!
– Якая гэта літара?
Баба Домна вучыла ўнука так: “каля мяне парасяты” – кэ-лэ-мэ-нэ-пэ-рэ-сэ-ты.
– Сэ, – сказаў ён.
– Не сэ, а эс. А гэта?
Пятрусь бачыў, што “тэ”, але ўжо засумняваўся і сказаў: – Эт.
– Не эт, а тэ. Можаш прачытаць слова?
– Ге-рой.