Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 14
9
З таго часу, як пайшоў у школу, Петрык толькі і чуў: ты ўжо вялікі, ты ўжо вялікі. – Ты ўжо школьнік, вялікі, – сказала маці. – Хопіць табе мыцца ў балеі. Будзем ездзіць да дзядзькі Стаха ў мікрараён, у ванну. І яны пачалі ездзіць да дзядзькі Стаха. Звычайна па пятніцах, увечары пасля працы. Маці напакоўвала сумку буракоў, морквы, бульбы, гуркоў, памідораў.
– Ты прывыкай, і яны хай да цябе прывыкаюць, – вучыла маці. – Мо з настаўнікам паможа… А мо кватэру на цябе перапішуць… Ды прыглядвайся да яго, вучыся! Не глядзі, што ён такі. Гэта ён на людзях прыдурваецца, а сам жыць умее, не тое, што твой бацька…
Петрыка заўсёды ўражваў гэты хуткі пераход ад слабадской цішы да горада. Некалькі прыпынкаў – і вось ты ўжо ў мікрараёне, як на іншай планеце. Дзіцячы сад, чужая школа. Гастраном. Знаёмы двор – прамакутнік, па два дамы з тарцоў, па тры – уздоўж. Усё замкнута. Пасярод двара дзіцячая пляцоўка, арэлі, грыб-мухамор у пясочніцы. Лавачкі ля пад’ездаў.
Дзядзька Стах з жонкай цёткай Таняй жылі ў трохпакаёўцы. Адзіная іх дачка Лена вучылася ў Мінску на доктара. Для яе бацька будаваў яшчэ адну такую ж трохпакаёвую кааператыўную кватэру, але ўжо ў “цэнтры” (як для слабадчан чароўным словам было “мікрараён”, так для жыхароў мікрараёна – “цэнтр”). А пакуль жылі ў сваёй шыкоўнай, прасторнай кватэры ўтрох: дзядзька Стах, цётка Таня і Ціша, сучачка з гладкай поўсткай, крывымі лапкамі, лупаценькая, з вусікамі. Спала яна на канапцы, куды, растаўсцелая, не магла ўзабрацца, тады азіралася, просячы дапамогі, і яе падсаджвалі. Ела з асобнай міскі, а то і з гаспадарскай, за сталом, калі дзядзька Стах браў яе на калені. Выгульвалі яе мала, у асноўным яна сядзела на падаконніку, пазірала ў вакно і тапырыла вусікі.
Маці вучыла Петрыка прыглядацца, запамінаць – а што тут было прыглядацца? Толькі пазіраць і зайздросціць. Прыбіральня, ванна, балкон, кухня – усё ў адным памяшканні, і разам з тым ізаляванае. На падлозе дываны, на сценах дываны. Чысціня, ахайнасць. Мора вольнага часу – сядзі сабе за сталом і нічога не рабі. Цуд, а не гарадское жыццё!
Багатыя Стах і цётка Таня заўсёды прымалі бедных сваякоў – Петрыка з маці – гасцінна, але з паблажлівасцю.
– Ну, што новага? Хто памёр? – яшчэ з парога кожны раз пытаў Стах.
– Пакуль ніхто, – адказвала маці як бы крыху вінавата.
Цётка Таня працавала ў бальніцы медсястрою. І хоць цяпер, дома, ад яе нічым не пахла, Петрыку заўсёды чамусьці здавалася, што ўсё ж такі яна крыху пахне бальніцай, хлёркай і крухмальнай пасцельнай бялізнай. Цётка абдымала Петрыка, пры гэтым абмацваючы, – так, што дрыжыкі бегалі па скуры і рабілася шлакотна, уздыхала: – Пусценькі… Не ўеты.
Яна ацэньвала чалавека не па адзенні, не па розуме, а па тым, наколькі ён тоўсты; ёй падабаліся людзі мажныя, поўныя, толькі па гэтым яна меркавала і пра цяперашні дабрабыт чалавека, і пра яго будучыню.
Дзядзька Стах таксама мацаў Петрыку жывот, а потым, задзіраючы