Трэцяе пакаленне. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Трэцяе пакаленне - Кузьма Чорны страница 11
– Каго?
– Можа, ужо майго бацьку аграбілі?
– Чаму так раптам?
– Аграбяць і твайго, не бойся ты гэтак.
Ці сапраўды яны мелі на думцы «бараніць каго-небудзь», ці не, але даволі таго, што сапраўды падышлі бліжэй да дарогі. Пачынаўся вечар. Калі на дарозе было яшчэ відна, то пад ельнікам ужо гусціўся змрок. На самую дарогу яны не выйшлі, толькі адзін з іх лёг на мох за другім ад дарогі кустом. Ім проста карцела ўбачыць, ці выедзе і калі з хутара «прадразвёрсны камісар».
Тым часам з боку хутара ўсё было ціха. Ніхто адтуль не ехаў і не ішоў, хоць там і не было спакойна. Гадзіны за дзве да прыезду камісара і чырвонаармейцаў пачалася звычайная ў гэтыя дні згрызота. Праўдзівей кажучы, «грызлася» толькі сама Скуратовічыха. Зося толькі слухала і найбольш маўчала. Яна нядаўна вярнулася на хутар, Скуратовічыха так гаварыла:
– Трэба ж мець розум! Як гэта можна, ты ж не малая! Як жа гэта так угаварыцца, што адразу расказаць усё! Ты сама кажаш, што ў цябе гэта ненаўмысля выйшла, дык трэба ж думаць, што гаварыць. Ведай, што робіш! Калі мы ўхавалі б каня ў лесе, дык табе ад гэтага бяда была б, ці што?
Скуратовічыха старалася гаварыць спакойна, але праз яе стараннасць часта выходзіла наверх злосць і нянавісць.
– Ты, можа, думаеш, што я так сабе гавару? Дык памяркуй, што мы табе кепскае зрабілі? Мы цераз сілу хіба прыціскаем з работаю? Ты наша, хоць і далёкая, але сваячка. А калі што і цяжкавата прыйдзецца на рабоце, то няўжо ж не робячы жыць? Чалавек хоча жыць, то павінен і рабіць! Калі што якое, то я табе і слова не скажу. Ты тады, пасля таго здарэння з коньмі, пабегла дадому. To ты думаеш, я не ведаю, што ты з-пад абруса ўзяла сала? Ты думаеш – ад мяне ўхаваешся? Ты хочаш быць дома, у нас не рабіць і ў нас есці? Такіх многа знойдзецца! Цераз цябе ведалі, што коні нашы дома. Ведаюць, што Толік быў з імі ў лесе. От што ты нам нарабіла, гадаўка ты!
– Я толькі здзівілася, чаму дзядзька лепшага каня не запрог.
– Здзівілася! Ты заўсёды дзівішся. Людскія хлопцы дык хаваюцца, не ідуць у войска, а цераз цябе дык Толіку прыйшлося ісці.
– Толік хіба пайшоў у армію? – наіўна запыталася Зося.
– А што ж. Ты ж сказала, што ён з коньмі ў лесе. Праўда, быў. Людзі былі, і ён быў. He ён адзін! Але пасля твайго языка яму прыйшлося з’явіцца. Цяпер з вайны, можа, дадому галавы не прынясе.
– Калі ж ён пайшоў?
– У цябе не запытаўся, калі ісці. А некаторую ноч, нядаўна, з’яўляецца атрад, як арыштантаў якіх абкружваюць нас! Толіка пытаюць! А дзе ж я вам таго Толіка вазьму, калі ён у войску! Што, я яго з войска выпатрабую, каб ім паказаць, ці што?
Зося не зусім верыла, што Толік пайшоў у армію, але, сказаць праўду, яна пра гэта мала думала і мала гэтым цікавілася. Яна думала пра сябе: ёй было цяжка жыць, дома ж – ні рабіць, ні есці не было чаго.
– Ідзі даіць каровы, – загадала гаспадыня.
Хлявы былі за скляпком. Гэта глухі і зацішны куток хутарскога двара. Адтуль можна