Трэцяе пакаленне. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Трэцяе пакаленне - Кузьма Чорны страница 13
– Гэта дачка? – паказаў камісар на Зосю.
– Я тут служу.
– Сваячка, – падказала Скуратовічыха.
– Ну, усё адно, – узрадаваўся камісар. – Пойдзем з намі.
Ідучы, ён разгаварыўся з ёю:
– Блізкая сваячка?
– Далёкая.
– Добра тут вам?
– Служу, – адказала яна.
Можна было заўважыць, што камісар расчараваўся: наўрад ці паможа яна мне. Яна глядзела на камісара і думала: «Скажу яму, дзе жыта схавана. Усё адно я тут намерылася больш не служыць. Я яму ўсё пра сябе раскажу». Спачатку пайшлі ў гумно. Чырвонаармейцы шукалі пад леташняй саломай. Скуратовіч неўзаметку сказаў да Зосі:
– Колькі б ні шукалі, што за карысць, калі ніякага жыта няма Ён выпрабоўваў на ўсялякі выпадак: а можа, як і падгледзела яна?
– Ёсць, – адказала яна.
– Дзе ж яно, калі ёсць? – злосна настаражыўся ён.
– У вазоўні закапана, а наверсе сані і колы стаяць.
Ён аслупянеў. Але тут жа пастараўся не падаць віду.
– Зараз павяду туды, хай глядзяць.
У яго яшчэ тлела рэштка думкі: а можа, яна не ведае, а так сабе, на маны сказала і ўгадала. Але чаму яна так гаворыць, што з ёю робіцца?
– Што тут шукаць, тут няма, – сказала яна.
Як быццам што сціскала ёй рот, – такое раптам стала ў яе адчуванне. Ёй ужо больш цяжка было выгаварыць і слова. «Зараз скажа», – думаў Скуратовіч.
– А дзе яно, збожжа? – з надзеяй павярнуўся да яе камісар. Але пакуль ён гэта сказаў, Скуратовіч шапнуў ёй:
– Маўчы, я табе колькі пудоў жыта дам.
Ёй аж дыхаць стала цяжка ад хвалявання. Некалькі пудоў. Гэтулькі ніколі не было пад іхняй там, дома, страхою. Твар яе пабялеў, стукнула ў вушах. Яна маўчала, лепш бы яна не ішла сюды зусім, так ёй было цяжка ў гэты момант. Камісар пакінуў на яе глядзець і загадаў:
– Будзем капаць.
Адкінулі салому і пачалі капаць. Скуратовіч аж енчыў:
– Няма, няма, нідзе няма!
Зямля была цвёрдая. «Гэтак цяжка людзям, а бескарысная работа!» Яе пачала мучыць злосць на Скуратовічаву сям’ю: «Гады, жыву ў іх, як у пекле».
– Няма тут, – закрычала яна.
«Мусіць, тут, калі яна так крычыць, – падумаў камісар. – Будзем капаць да канца». Ён паспрабаваў яшчэ звярнуцца да яе сумлення.
– А ты маўчы, не гавары, памагай свайму гаспадару, – здзекаваўся ён з яе. – Ён табе аддзякуе.
– Я ж вам кажу, што не тут! – аж кінулася да яго Зося.
– А дзе ж?
– Пад вазоўняй. Я пакажу!
«А што, калі ён з мяне пасмяяўся», – з смуткам падумала яна пра пастушка. Людзі спынілі работу. Яна глядзела з гумна і нічога не заўважала – ні дрэў, ні неба.
Скуратовіч выйшаў з гумна і рушыў дадому.
– Пачакай, гаспадар! – крычаў камісар.
– Яна пакажа, – нават не азірнуўшыся, буркнуў Скуратовіч.