Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік). Віктар Шалкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік) - Віктар Шалкевіч страница 7
І Юрка, і Антачка даўно ўжо няма, занеслі іх на плячах на могілкі пад Заполічы, а Янушак Мацеенчын, штовечар абыходзячы вартаю свае аб’екты, кідае вокам час ад часу і на помнік Леніну. «Што, Янушак, – пытаюся я ў яго, – баіцца начальства, каб Юрак з Антачкам не ўсталі з магілаў і не звалілі Леніна?»
Янушак у адказ толькі пасміхаецца…
Гісторыя аднаго пахавання
Памяці майго прыяцеля Віктара, які колісь скончыў школу ў мястэчку G.
Дзіўна: усе людзі, пакуль жывуць на свеце – то яны розныя: і высокія, і лысыя, і худыя, і гаркавыя, і брыдкія, і смешныя, мужчыны і жанчыны. Дык чаму ўсе пахаванні як дзве кроплі вады падобныя адно на адно?
Ну памёр чалавек, ведалі ўсе, што павінен памерці, таму што рак лёгкіх ці падстраўнікавая залоза – гэта вам не абышто, памёр, дзякаваць Богу, ва ўласным ложку, у прысутнасці жонкі, другой ужо па ліку, праўда, але законнай! Прыехала «хуткая дапамога», канстатавала скон, у морг не забіралі, таму што і так усё было ясна… І вось ляжыць нябожчык у навюськім касцюме ў труне пасярод уласнае, нядаўна адрамантаванае трохпакаёвае хрушчоўкі, у паветры пахне фармалінам і хвойкаю, патрэскваюць свечкі, і тут пачынаецца…
Спярша ў дзвярах з’яўляюцца дочкі, адна ці болей, якія пры бацькавым жыцці рэдка ставілі нагу на парог хаты, маючы прэтэнзіі да бацькі, чаму ён да канца тэрміну не дацягнуў з мамаю, а пайшоў да іншае кабеты. Адразу ля труны ўзнікаюць вялікія непрыгожыя вянкі са стандартнымі бяздушнымі надпісамі «Дорогому любимому папе от дочери Ани и её семьи», святочнага выгляду шасціканцовы крыж з залатымі палоскамі і таблічка з інфармацыяй, хто пад ім будзе ляжаць і абуджаць у нас вечную памяць. Дочкі будуць стабільна плакаць і мяняць кожныя некалькі гадзінаў MP3-фарматную плыту з хрысціянскімі песнапеннямі на такую ж, але іншую. Нікому там асабліва не ўваб’ецца ў вушы, што песнапенні не заўпакойныя, а велікодныя – у такіх дробязях зараз ніхто не сячэ, – ну спевы як спевы. Будзе паціху падцягацца народ, прыносіць хто што – хто вышэй згаданыя гадкія пластыкавыя вянкі рознага колеру, якасці і цаны, а ў каго лепей з густам – той акрэсленую колькасць хрызантэмаў ці белых гваздзікоў, перавязаных чорнаю стужкаю. Потым тут жа, пры труне, нехта пачне абавязковую размову пра тое, як добра сябе нябожчык пачуваў некалькі дзён таму, як выгульваў сабаку ці купляў яблыкі на базары, як на Новы год вазіў унука на санках… і тут раптам, на табе!
Усе згодзяцца, што выглядаў някепска і мог бы яшчэ пахадзіць па вуліцах, але, ну што зробіш, ад лёсу не схаваешся, і мы калісьці там будзем… І затым размова ізноў пераскоквае на нейкую іншую тэму, зусім далёкую ад сённяшняй, на палітыку, на цэны і надвор’е, як быццам не будзе іншае хвіліны, каб пра гэта пагаварыць. Народу пад вынас пачне значна прыбываць, у