Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова страница 4
Гэтым разам таксама давядзецца трапіць у кватэру праз акно і там ператварыцца ў жанчыну. Другую ноч яна знаходзілася ў паветры і адчувала, што зусім знемаглася. Звычайна дзвюх летніх начэй стае, каб пераадолець такую адлегласць, але не ў цяперашнім фізічным стане. Можна было зрабіць яшчэ адну дзённую папаску недзе на закінутым лецішчы пад Мінскам і на трэцюю ноч спакойна пераадолець апошні адцін шляху, але Мілана не без падставаў баялася, што ейнае сховішча не будзе надзейным, таму вырашыла рызыкнуць.
Вялізная кугакаўка праляцела над уездам у горад з боку Маскоўскай шашы амаль перад самым світаннем. Яна і раней тут лятала, таму выдатна ведала горад, але тады Мінск быў не такі разлеглы, болей прысадзісты і аточаны з усіх бакоў вёсачкамі, назвы якіх яна прапявала сама сабе, як песню.
Ці жывая яшчэ Мірыям, якую змушана запісалі Марыяй у вайну?
Світанне спакваля праразала шэры далягляд на ўсходзе. Сава пранеслася над шкляною куляю бібліятэкі з крыклівай ілюмінацыяй і пачала скарачаць сабе шлях – старыя кварталы сталінак, вуліца з трамвайнымі рэйкамі, рынак, цалкам бязлюдны ў гэты час. Здалёк яна пабачыла стэлу – сваю мэту. Птушку прыціскала да зямлі, і яна ляцела апошнія кіламетры зусім нізка, але памятала, што кватэра, куды ёй трэба трапіць, ажно на шаснаццатым паверсе. Нацяўшыся, яна набрала вышыню. Вось і стэла, а за ёй – жылы шматпавярховік, карпусы якога стаялі на рагу двух праспектаў ды расцягваліся, рыхтык мяхі гармоніка. Апошнія метры, ужо апошнія метры. Колькі ўзмахаў крыламі, якія раптам наліліся волавам і пацягнулі цела да зямлі…
Сонца ўзышло.
Мілана, якая зноў сталася жанчынай, упала на падлогу незашклёнага гаўбца. Здаецца, нічога не зламала, хіба што крыху выцялася, але пасля прыгодаў з уцелаўленнем гэта ўжо драбяза.
На вяроўцы целяпаўся вялікі махровы ручнік, пакінуты носьбіткай сушыцца перад ад’ездам на адпачынак у Егіпет (з маскоўскім каханкам, так – гарачы тур!). Мілана абвінула тым ручніком кісць рукі, прымерылася, прымружылася і ўдарыла шкляныя гаўбцовыя дзверы.
Гэты сквапнюга, што траціў процьму грошай на маскоўскіх каханак і на казіно, зняў сваёй беларускай сяброўцы хату, якая не мела нават шклопакетаў, а рамонту кватэра не бачыла з тых часоў, калі Міланы яшчэ не існавала ў прыродзе. Затое ў раёне з прэтэнзіяй – у Доме-ля-стэлы на праспекце Пераможцаў.
Мілана прасунула руку праз разбітую шыбу і асцярожна намацала клямку замка. Дзверы адчыніліся, і яна ўрэшце трапіла ў пакой. На гэтым ейныя сілы вычарпаліся: яна ступіла колькі крокаў і ўпала на канапу. У паўсне падцягнула да сябе акуратна складзены плед і накрылася ім.
Цяпер – у бяспецы.
5
Транзіты: Месяц уваходзіць у Стральца; трынаццатыя месяцовыя содні
Прачнулася Мілана ажно ўвечары, калі сонца ішло долу, таму