Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі. Лявон Эдвардавіч Карповіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - Лявон Эдвардавіч Карповіч страница 27
Адной з самых значных прац Рафаэля стала папская замова на дзесяць габэленаў для Сыкстынскай Капэлы, якія ілюструюць Эвангельскія сцэны з жыцьця Апосталаў Пятра і Паўла. Габэлен «Цудоўная лоўля рыбы» на марцы Рэспублікі Малаві (1983 г.), малюе сюжэт аднаго з цудаў Ісуса
Што да вучняў Ісуса, то першым зь іх Лукаш згадвае ў гэтым эпізодзе Пятра. Ён і ў Рафаэля намаляваны бліжэй усіх да Хрыста. Перад Выратавальнікам Пётр стаіць на каленях. За ім Андрэй – жэст яго рук выяўляе зьдзіўленьне. Двое рыбакоў у другой лодцы, якія цягнуць сеткі, – Якаў і Ян. Трэці ў іх лодцы – іх бацька Зэбэдэй. Рафаэль малюе, як яны насілу цягнуць сець, поўную рыбы.
Цудоўная лоўля рыбы ёсць правобразам Божага пакліканьня для Апосталаў. З гэтага часу яны перасталі займацца рыбнай лоўляй, але сталі на шлях служэньня Богу – «лаўцамі чалавекаў» для Царства Божага.
Гэтая думка перададзена на блёку пошты Летувы (2000 г.). Пётр і Андрэй яшчэ трымаюць у руках сеці, але ў наступны момант стануць «лаўцамі чалавекаў»
Хоць сюжэт пакліканьня Пятра і Андрэя сустракаецца ў заходнім жывапісе найболей часта, вядомыя прыклады ілюстраваньня пакліканьня другой пары вучняў – Якава і Яна, сыноў Зэбэдэя. Аб гэтым карціна (1510г.) Марка Базаіці.
Гэты эпізод зьмясціла на сваёй марцы пошта Емену ў 1969 годзе
Хрыстос стаіць на беразе возера; Яго суправаджаюць ужо Пётр і Андрэй; з лодкі, што прычаліла да берага, выходзяць Якаў і Ян, першы ўжо схіліў калені перад Хрыстом, які благаслаўляе яго. Не гледзячы на тое што і Мацьвей і Марк, чые аповяды мог мець на ўвазе мастак, аднадушныя ў сьцвярджэньні, што Якаў і Ян пакінулі «лодку і бацьку свайго», Базаіці малюе, што іх бацька, таксама робіць крок з лодкі.
Аб пакліканьні часта думаем у кантэксьце пакліканьняў Сьвятарскіх і манаскіх. Але, ці не датычыць пакліканьне кожнага з нас? Бо ў рэшце рэшт, Бог заклікае кожнага з нас да выкананьня нашай ролі.
Пошта Бэльгіі выпусьціла ў абарачэньне ў 1992 г. блёк, на якім старонка з Служэбніка 1487 года. Пётр і Анрэй суправаджаюць Хрыста, Які бласлаўляе Якава і Яна, што схілілі перад Ім калені
Хтосьці могуць быць добрымі бацькамі, хтосьці адчувае пакліканьне быць добрым урачом або настаўнікам, або звычайным добрым работнікам. Як знайсьці гэта ў сабе? Як пачуць голас пакліканьня? Часам гэта проста, бо мы «ад пачатку» ведаем, кім мусім быць. І, часам гэта нам удаецца, а часам не. Я з раньняга ўзросту быў упэўнены, што буду лётчыкам. Не адбылося. Ці азначае гэта, што жыву не па прызначэньню? Не думаю, напэўна маё жыцьцё было скарэктавана. Ці я ад пачатку памыляўся і не зразумеў сваё пакліканьне? Толькі як яго зразумець?