Карона на дне віра (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Карона на дне віра (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 3
Вось і запоіны ў кавалёвай хаце. Жаніх прыехаў на фурманцы, два кані вараныя – іскры з воч. Куфры с падарункамі, прысмакі да стала заморскія. Сядзіць Нічыпор – толькі вочы з-пад чорных брывоў бліскаюць, а побач Агатка – бледная, як веснавая кветачка, прыхвачаная марозам, глядзіць на Нічыпора, нібыта позірку адвесці не можа. Вось ужо віншуюць усе заручоных, падыходзяць з прыветнымі словамі…
Падыйшоў і Янка. Сціпла гэтак, нават з усмешкай – нібыта змірыўся, што не яму шчасце дастаецца. Пакланіўся нявесце, вачэй не ўзняўшы. Працягнуў руку жаніху… А другой рукой – як шмаргане з ягонае шыі матузок, а на тым – скрутачак…
Як ён наважыўся, як вытрываў супрацьсілы ведзьмаковай – адно каханне ягонае ведае. Во застаўся на далоні Янкі шнар – як ад распаленага жалеза. А са скрутачка дастаў Янка пурпуровую хустку – тую самую, што калісьці сам каханай сваёй падарыў, а пасля Агатка ці то згубіла, ці скраў нехта.
Ускрыкнула Агатка, нібыта лацугі з яе цяжкія спалі, кінулася да Янкі свайго, словы кахання прамаўляючы. I Нічыпор закрычаў. Страшна, як звер лясны. Ды ў хустку ўчапіўся – але позна: толькі маленькі пунсовы лапік застаўся ў ягоных скурчаных пальцах. На вачах ва ўсіх пачаў вядзьмак рабіцца старым, нямоглым, нібыта ўсыхаў, і ўрэшце ўпаў на падлогу чорным сухім карэньчыкам з пунсовым пялёсткам.
Узяў нехта з гасцей чорны корань ды выкінуў за плот, на сметнік.
А на наступную вясну, калі Агатка з Янкам былі ўжо шчаслівай сямейнай парай, на сметніку ля кавалёвае хаты вырасла высокая дзіўная кветка. Зусім непрыгожая, непаглядная, але валодала яна вялікай лекавай моцай. Асабліва яе карэньчыкі. Нібыта выкупляла зло, утворанае колісь Нічыпорам.
Але ля хат усё-такі не прыжылася кветка, паступова перабралася ў лес, у хмызнякі. Там і цяпер можна яе сустрэць.
I назвалі тую расліну – чарнакорань пурпуровы.
Апошняя песня скрыпкі, альбо Валяр'ян Двухдомны
Нездарма кажуць, што толькі той можа зразумець чужую бяду, хто сам такога пакаштаваў.
Нарадзіўся аднойчы ў звычайнай вясковай сям"і незвычайны хлопчык. Было яго сэрца адкрытае навакольнай прыродзе. Кажуць, умеў ён чуць не толькі спевы птушак, але і размовы дрэў, і гуд надземных крыніцаў. I пяці год не было Валяр'яну, як зрабіў ён сабе першую дудачку, а колькі рабіў такіх пасля! А як паслухаў у карчме музыкаў, дык зладзіў сам сабе скрыпачку – з ліповае драўніны ды жылак. I ўжо як хораша ён на сваёй скрыпачцы граў!
Вёска ў той час не заўсёды мела досыць хлеба. Таму на дзівакоў, якія лічылі аблокі і выразалі замест патрэбнага ў гаспадарцы начыння дудачкі, глядзелі непрыхільна, і горкі быў лёс адораных мастацкім талентам беднякоў. Але маленькаму Валяр'яну пашанцавала. Хаця не была яго сям'я заможнай, але маці і бацька любаваліся сваім пястунчыкам,