План Бабарозы. Павал Касцюкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу План Бабарозы - Павал Касцюкевіч страница 4
Яна матляе галавой.
– Насамрэч усё на сваіх месцах, так. Парушыць канструкцыю жыццяў немагчыма. За тры гады нашыя лёсы дасканала дапасаваліся, не раўнуючы дошкі з той выславёнай драўлянай чайні Дзедвасілія, збудаванай без аніводнага цвіка.
“А значыцца, ніякі ўвагнаны цвік – хай сабе і ў нашу галаву – нічога не зменіць”, – дадумваю я, але ўголас – ні-ні.
Ніхто з нас не здольны ані паварушыцца, ані змяніць ніводнай дэталькі. Ані перайначыць дасканалай аркестроўкі нашых жыццяў. Роні тут са сваімі краінамі-еўрапеечкамі і войскам увішных кельнераў. А я там – з шматлікімі беларускімі бабулямі і дзядамі ды іх бясконцымі гісторыямі. Але ж і гэтыя, і тыя – гаранты нашага стабільнага шчасця.
– Персей, ты не разумееш! План памяняўся! Я прыняла рашэнне!
Я раблю красамоўную паўзу, маўляў, “усё, ты скончыла істэрыку?”, і працягваю апавядаць ёй чарговы раздзел са свайго жыццяпісу ўнука.
Раздзел 2
Бабулі і дзяды
Усё дзяцінства мяне атачалі бабулі і дзяды. Іх было так шмат, ажно кожнага разу належала ўдакладніць, якую канкрэтна бабулю або дзеда ты маеш на ўвазе. “Званіла баба Роза”, ці “прыходзіў дзед Барыс”. Нашыя з бацькамі гутаркі заўжды круціліся вакол бабуль і дзядоў, мы жылі іхнімі біяграфіямі і цікавасцямі, таму пакрысе дзеля зручнасці сталі называць іх злітна: “Бабароза”, “Дзядзюля”, “Бабаманя”, “Бабагруня”, “Дзедбарыс”. Скланяецца як адно слова: Бабароза, няма Бабарозы, аддаюся Бабарозе, віню Бабарозу, капітулюю перад Бабарозай, памятаю аб Бабарозе.
Мама – адзінае дзіця ў сваіх бацькоў, бацька – таксама. Дзяды ж багатыя на братоў і доўгі век, а яшчэ на разводы і жаніцьбы. І такім парадкам я выявіўся адзіным унукам, (без)надзейна ўзятым у шчыльнае кола дзядоў, бабуль, стрыечных бабуль і прабабак. Іхнія няўтомныя азіяцкія орды рабілі спусташальныя набегі на нашую пратэстанцкую двухпакаёўку ў мікрараёне Зялёны Луг. А яшчэ час ад часу, а дакладней у пятніцу вечарам мяне, свайго адзінага ўнука, у якасці даніны яны забіралі ў палон. У арыентальныя лабірынты султанскіх палацаў сваіх кватэр, брэжнеўкі на Чкалава і хрушчоўкі на Кнорына.
Дзяды і бабулі любілі пры нагодзе і без яе баяць бясконцыя гісторыі-казкі пра краіны свайго дзяцінства. Пра Дзядзюлевую Галіцыю, зробленую з букаў, пагоркаў, авечае воўны і шэрага хлеба, я, здаецца, ведаў больш за гуцулаў і лэмкаў. Аўстра-Вугорская імперыя, горныя сёлы, дзедавы асабістыя ўражанні ад жыцця ў заможных мястэчках і культурных местах. Чуў процьму падрабязнасцяў пра неафіцыйную сталіцу свету горад Драгобыч, дзе нарадзіліся бацькі Дзядзюлі. Ведаў я нават сякія-такія дэталі пра далячэзную Гішпанію, у якой колькі стагоддзяў да Галіцыі бавіліся далёкія продкі Дзядзюлі, пакрысе імігруючы на ўсход і назапашваючы розныя габрэйскія мовы, ад ладына да ідыша, а таксама прыўлаўшчыўшы звычку размаўляць адразу на некалькіх мовах адначасова. Ад сярэднявечнай