Праведная галеча. Франс Эмиль Силланпяя
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праведная галеча - Франс Эмиль Силланпяя страница 3
Тры чалавекі сядзяць у пякарні Олілы, асветленай жоўтым агеньчыкам сальнай свечкі. Тата Оліла – сямідзесяцігадовы мужчына з гладка паголеным тварам, на падбароддзі ад вуха да вуха кучаравяцца бялявыя валасы. Ён гаворыць на дыялекце Кокемякаў, прытым ягоная шыя і ўся верхняя частка цела стынуць у здранцвенні. Чарку ён трымае беражліва і выпівае з належнаю годнасцю, а калі Пеньямі Нікіля пачынае занадта нецярпліва круціцца і злаваць яго, тата Оліла спакойна і бесцырымонна спыняе госця, і той нават не спрабуе пярэчыць. Побач з татам Олілам сядзіць ягоны сын Франсу, такі ж здранцвелы і нерухомы мужчына гадоў пад трыццаць з роўна падстрыжанымі валасамі. Час ад часу ён устаўляе ў размову колькі слоў; твар ягоны застаецца няўсмешліва абыякавым. Вядома ж, ён робіць свае заўвагі, але яны толькі пацвярджаюць сказанае бацькам. Абодва Олілы п’юць не п’янеючы. У сваім доме яны прымушаюць Пеньямі скакаць пад сваю дудку – вось жа, таго самага Пеньямі, што такі ўсеўладны ў сваім доме на хутары Нікіля.
Кокемякінцы нядаўна пачалі адзін за адным сяліцца ў гэтым прыходзе. Усе яны занадта фанабэрыстыя, каб шанаваць мясцовыя звычаі. Нават на пагорку каля царквы яны стаяць, закруціўшыся ў вялікія хусткі ды кажухі, і гучна размаўляюць між сабою сваёй мяккай немясцоваю гаворкай.
Свечка дагарае, запал Пеньямі Нікілі таксама аціхае. «Бадай што болей чым на адну свечку цябе не хопіць», – кажа тата Оліла. Ён толькі-толькі пачынае жвавець, а Пеньямі ўжо страціў імпэт. «Дарэмна ты злаваў на мяне, калі я не даў табе грошай… Адкуль жа я ведаў, што там у цябе творыцца… І скажы ты мне, на ліха ты звязаўся з гэтаю жаніцьбай?..»
Хоць Пеньямі і моцна зап’янеў, але нават праз хмель разумее, які чужы ён для гэтых людзей, як раздражняе яго іхняя невыносная фанабэрыстасць. Але ён сам і ягоны хутар цалкам залежаць ад гэтых людзей, хоча ён таго ці не хоча. У Пеньямі абуджаецца нейкая бяздумная злосць, ён устае, нібыта збіраючыся штосьці зрабіць. Але тата Оліла таксама ўстае і кажа:
– Давай, суседзе, ідзі-тка ты дамоў, наведай сваю бабу. Яна ўжо, напэўна, і радзіла.
Тата Оліла і Франсу выводзяць Пеньямі з хаты. Ён занурваецца ў цёмны завулак і, намацваючы дарогу нагамі, ідзе на другі канец вёскі. Ён павольна сунецца наперад, бяздумна ўтаропіўшы вочы ў цемру, а хмель тым часам выветрыў з галавы ўсё паўсядзённае, і Пеньямі бачыць сваё жыццё і цяперашняе сваё становішча ва ўсіх непрыглядных драбніцах. Гэтую зямлю, гэтае неба і гэтых людзей з Кокемякаў нельга ўзяць рознымі хітрыкамі. Каго іншага –