Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris. Андрэй Адамовіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris - Андрэй Адамовіч страница 5
Здавалася б, проста ўсё, але я бульбу ніколі ў жыцці не абіраў.
Тут і Віталь Рыжкоў, і Андрэй Адамовіч, і Ліза Лянкевіч, і Агата Кокс, і Барыс, і яго жонка, і яшчэ шэсць беларусаў пачалі гучна смяяцца і выказвацца ў тым духу, што гэта вельмі заяб-сты агент КДБ і гісторыя яго выдуманая ад пачатку да канца. Калі ўсе сціхлі, Капейкін працягнуў.
Так, бо бацькі мае лічылі гэта за балаўство і варылі бульбу проста так, не абіраючы. Бачыце, панове, а вам бы толькі пакпіць з беднага капітана КДБ. Стаю я з гэтым нажом, слухаю правілы і жарцікі, а ў скронях маіх тахкае кроў. Думаю, як яе абіраць, гэтую бульбу? Ніколі такога не было і вось – давай-давай, хутчэй-хутчэй і даўжэй-даўжэй.
Выдыхнуў я, а вядоўца і кажа: «Тры-чатыры, жопу шырэ, паехалі!» Я гляджу, Надзька абіраць пачала, і я пакрысе, раблю, як яна робіць, пальцы ўспатнелі, чорныя ад бульбы зрабіліся, трасуцца, рыхтык апазіцыянеры на мітынгу.
Я ўжо думаў, усё, зноў мяне абыдуць, яна ж выдатніца, гонар класа, а я хто? Я Пашка Капейкін, што з мяне ўзяць па-за дурасцю? І тая суседская.
І вось прагучаў трывожны сігнал. Скончыўся ваш час – прад’яўляйце луску. Вось прыклалі іх адну да адной. І што вы думаеце? Мая была даўжэйшая, хай усяго на паўсантыметра, але даўжэйшая!
Пачырванела ў мяне ўваччу. У той самы момант, пры дошцы, у класе, дзе я атрымліваў толькі двойкі (і тое калі пашчасціць), у той самы момант я зразумеў, што я не такі, як усе, што мне наканаваны незвычайны лёс, што сам бог кажа мне ў гэтае імгненне: «Глядзі, Пашка Капейкін, падаю табе знак. Не памыліся».
Два дні думаў, што цяпер з гэтым рабіць. Зразумеў нарэшце, што трэба заснаваць панк-рок-гурт і даць яму дзіўную назву кшталту «Жопу шырэ». І зафундаваў.
Для пачатку я скраў гітару ў клубе. І так далей гладка пайшло-паехала маё мастацкае жыццё, што нібыта з горкі ледзяной на срацы. Праз чатыры гады мы зайгралі перад дыскатэкаю ў вясковым клубе, а яшчэ праз паўгода распаліся ў выніку фатальнай несумяшчальнасці нашых поглядаў на прыроду панк-року.
Тады я задумаўся: а што цяпер рабіць? Які гэта знак? Што значыць распад нашага гурта? Думаць доўга не выпадала: вырашыў я паступаць на журфак. Напісаў дзве зацемкі ў раённую газету, вывучыў тры правілы і паехаў у сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск.
Там мне адразу далі інтэрнат і прыпісалі да трыццаць трэцяй студэнцкай паліклінікі. Вельмі мне спадабалася і ў інтэрнаце, і ў паліклініцы. А неўрапатолаг нават дала мне накіраванне ў Навінкі, там усе былі да мяне добрымі і нават выдалі мне паперку па форме 7Б.
Доўга ці коратка вучыўся я на тым журфаку, цяпер сказаць вам не магу, але ў мяне там былі два любімыя прадметы: «Ідэалогія беларускай дзяржавы» і «Фотасправа». На фотасправе мы замыкаліся ў цёмным пакоі і распушчалі едкія парашкі ў цёплай вадзе, апускалі ў той раствор паперкі, і на тых паперках з’яўляліся дзіўныя малюнкі – калі дом,