Вяртанне з апраметнай. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин страница 4

«Вiдаць, ёй прыцiскалi крышку склепа», – падумаў капiтан i перавёў позiрк на круглую печ, металiчны ложак, стол, каля якога спiнай да яго стаяў крыху ссутулены чалавек i налiваў у шклянку гарэлку. Бусла нудзiла і ад холаду бiла дрыготка. Якраз праз гэта яму не хацелася ўставаць, каб бандыт не бачыў ягоную слабасць.
– Выпi, палягчэе, – прагаварыў чалавек i сам зрабiў некалькi глыткоў з рыльца бутэлькi.
Бусел зразумеў, што перад iм Фiлiн. Рызыкоўныя паводзiны бандыта выклiкалi недавер i насцярожанасць. Як-нiяк, а ў пакоi яны былi ўдвух, рукi, ногi ў Бусла вольныя, i Фiлiн, выкраўшы капiтана, павiнен быў ведаць, што ён валодае баявымi прыёмамi самба i каратэ.
– Завязваць бойку не раю, – быццам прачытаўшы Буславы думкi, прабасiў Фiлiн i, закусваючы, захрабусцеў агурком.
– Пакуль што вып’ю, – цяжка ўзняўся на ногi капiтан, – толькi за што?
– За сустрэчу, – здрыгануўся голас у Фiлiна, ён павярнуўся да Бусла.
– Ты?! – ашалела вылупiўшы вочы, ускрыкнуў аслупянелы капiтан.
– Я, – абыякава адказаў Фiлiн.
У пакоi надоўга запанавала цiшыня.
Бусел i Фiлiн знешне былi падобныя: аднолькава высокiя, шырокiя ў плячах, не абдзеленыя прыродай фiзiчнай сiлай i спрытам, толькi капiтан бялёсы, а Фiлiн чарнявы. Яны глядзелi адзiн аднаму ў вочы: Фiлiн спакойна, з адценнем абыякавасцi, Бусел разгублена-вiнаватым позiркам, здавалася, праглынаў злачынцу.
– Фантастыка! – напружана варухнулiся вусны капiтана, ён зрабiў крок уперад, быццам збiраючыся абняць злачынцу. – Вось гэта сустрэча!..
– Ты выпi, – працягнуў Фiлiн шклянку Буслу, – нiчога неверагоднага ў нашай сустрэчы няма.
– Ну, не скажы! – капiтан узяў прапанаваны двухсотграмовiк. – За гэта i сапраўды варта выпiць, – ён каўтануў гарэлку адным глытком, панюхаў хлебную скарынку i, цяжка ўздыхнуўшы, роспачна выдыхнуў: – Мой аднапалчанiн, сябрук Васiль Мароз – кiлер… Наёмны забойца! Цi, можа, я памыляюся?
– Лiчы, што табе пашэнцiла, – прабасiў Фiлiн i зноў прыклаўся да бутэлькi. – Нанялi б iншага – не сустрэлiся б.
– Ды ўжо ж дзякуй табе, – з’едлiва i п’янавата адказаў Бусел, – удружыў дык удружыў!..
У Бусла ад выпiтай гарэлкi закружылася галава, але адчуў ён сябе i сапраўды лепей. Куды падзелася ламота ў касцях! Сцiх боль у патылiцы, прыемнае цяпло хвалямi расцякалася па стомленым целе, мышцы зноў налiлiся сiлай. I толькi душу рвала на часткi крыўда, не праходзiла злосць на самога сябе, што так проста даўся ў рукi злачынцам, як малое дзiця, дазволiў абвесцi сябе вакол пальца.