Вяртанне з апраметнай. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин страница 7

Пачуўшы пра два тыднi, Бусел не вытрымаў:
– Паўмесяца – гэта занадта!
– Я разлiчваю, што праз тыдзень цябе пахаваюць, – не зважаючы на капiтанаву нервознасць, вёў сваё Фiлiн, – а яшчэ праз тыдзень, трошкi змянiўшы знешнасць, аб’явiшся ў Мiнску. Цi табе абавязкова трэба быць на асабiстым пахаваннi?
– Добра было б, – незадаволена буркнуў Бусел, – са мной развiтацца прыйдуць не толькi сябры. Дарэчы, хто заказаў маё забойства?
– Я клiентаў адразу выкрэслiваю з памяцi, але ў тваiм выпадку можна зрабiць выключэнне. Жанчына пажадала бачыць цябе мерцвяком. Шэршэ ля фам, як кажуць французы.
– Ты з ёй сустракаўся? Што за яна, як выглядае?
– Перамовы вёў пасрэднiк, я толькi аднойчы гаварыў па тэлефоне.
– А пасрэднiк?
– Пра яго не пытайся, да тваёй гiсторыi чалавек не мае анiякага дачынення, нi пры чым ён.
– Нiчога сабе, нi пры чым! – узбуджана ўскрыкнуў Бусел. – Дапамагаў у забойстве – i нi пры чым!
– Мы па-рознаму глядзiм на адно i тое. Сказаў, яго не здам, значыць, не здам, – Фiлiн рэзка павярнуўся i, нацягваючы кашулю, пайшоў да расчыненых дзвярэй хлява; праз хвiлiну вярнуўся, уваткнуў каля ног Бусла ржавую рыдлёўку. – Пайшлi капаць.
– Што капаць? – Бусел здзiўлена паглядзеў на Фiлiна.
– Яму…
– Нам што, няма чаго больш рабiць?
– Трэба пакiнуць магiлу, каб упэўнiць Прышча, што ты… – Фiлiн зацяўся, шукаючы патрэбнае слова.
– Цяпер зразумела, – засмяяўся Бусел. – Да гэтай магiлы ты будзеш прыносiць кветкi… Але вернемся да жанчыны, яна, пэўна, не такая засакрэчаная, як пасрэднiк? Пра што ты з ёй гаварыў?
– Яна толькi паведамiла месца сустрэчы з Гнiлым i пароль.
Бусел задумаўся. Нiхто не ведаў, што ён iдзе на сустрэчу ў парк, тым больш пра пароль, значыць, iнфармацыя пайшла ад чалавека, з якiм ён дамовiўся пра спатканне. Калi гаварылi апошнi раз, той быў нечым усхваляваны, нават напалоханы. Як ён сказаў? «…Мяне хтосьцi здаў!..» Цяпер зразумелыя ягоныя нервознасць i трывога: «добраахвотнiк» выклiкаў яго, каб знайсцi абарону, а выйшла наадварот. Калi гэта i сапраўды так, то вестка пра ранейшыя гутаркi з» добраахвотнiкам» магла прасачыцца i ад нас, ад таго, хто меў дачыненне да справы… I ўсё ж, што хацеў паведамiць Гнiлы, як яго заве Фiлiн, што не даверыў тэлефону?
– А што за чалавек Гнiлы? – Бусел разлiчваў выцягнуць з Фiлiна як мага больш iнфармацыi.
– Нiколi не бачыў i не чуў, – неахвотна азваўся Фiлiн i, збочыўшы да густога ельнiку, спынiўся, утыкнуў рыдлёўку ў зямлю. – Я называю так усiх, на каго атрымлiваю заказ. Будзем капаць тут…
– Мне ўсё роўна, дзе магiлу капаць, абы ў ёй не ляжаць, – паспрабаваў пажартаваць Бусел.
– Ёсць фотаздымак Гнiлога, усучылi праз пасрэднiка, – не падтрымаў капiтанаў жарт Фiлiн, – ён у Прышча, вернецца – забяру, хаця малаверагодна,