Вяртанне з апраметнай. Виктор Правдин
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин страница 8

Праз гадзiну Бусел прачнуўся, i яны моўчкi дакапалi яму. Фiлiн накiдаў у яе ламачча, i гэтак жа моўчкi пачалi закiдваць пяском.
– А як жа аркестранты? – выскаляючыся, смяяўся Бусел. – I слова трэба сказаць. Так што, Васiль, гавары, а я паслухаю, нячаста такое здараецца.
Бусел упершыню назваў Фiлiна сапраўдным iмем, i Фiлiна ажно страсянула. Ён з удзячнасцю, пацяплелым, нават расчуленым позiркам паглядзеў на Бусла. Халадок i трывога, што поўнiлi душу, раптам расталi, у гэтую хвiлiну яму захацелася стаць ранейшым, не запэцканым крывёй i злачынствамi, захацелася на ўвесь свет крыкнуць, што ён нiякi не Фiлiн, а Васiль Мароз i хоча, каб людзi ведалi гэта.
– Я не поп, – унiкаючы Буславых вачэй, сiлячыся перамагчы хвiлiнную слабасць, панурыўся Фiлiн; ён адвярнуўся i таропка пачаў закiдваць зямлёй яму.
Калi справа была скончана, Бусел абапёрся на рыдлёўку i тэатральна, са скрухай у голасе, усклiкнуў:
– Вось i ўсё, быў капiтан мiлiцыi Андрэй Бусел – i няма.
– Так будзе лепш, – стомлена ўздыхнуў Фiлiн i сцiшана дадаў: – Лепш для ўсiх нас.
– Паслухай, Васiль, мне ўвесь час карцiць спытаць… – Бусел прымоўк, шукаючы патрэбныя словы. – Што з табой здарылася? Мы ж разам збiралiся паступаць вучыцца ў школу мiлiцыi. Памятаеш, пра што марылi?
– Чалавек мяркуе, Бог дае… – ухiлiўся ад прамога адказу Фiлiн i, не жадаючы дзялiцца асабiстым, дадаў: – Маёй цяперашняй «прафесii» адвакат не патрэбны.
Больш былыя сябры-дэсантнiкi не размаўлялi, а дакладней, ад гаворкi ўхiляўся Фiлiн. Як толькi прыйшлi ў хату, ён, апрануты, у абутку, распластаўся на жалезным ложку i праляжаў, не мяняючы паставы, да самага вечара. Бусел некалькi разоў спрабаваў з iм загаварыць, але Фiлiн рабiў выгляд, што спiць.
Вечарэла. Апошнiя сонечныя промнi яшчэ слiзгалi па вершалiнах дрэў, а з лесу пачаў ужо выпаўзаць восеньскi халаднаваты, няўтульны змрок. Фiлiн нарэшце ўстаў, засмалiў цыгарку i, заклаўшы рукi за спiну, затупаў туды-сюды па хаце, думаючы пра нешта сваё. У хаце было цемнавата, шэрань, што прабiвалася ў вокны, асвятляла толькi два сталы з гарой непрыбраных бляшанак з-пад кансерваў i пустыя бутэлькi. Фiлiн кiнуў недакурак на падлогу i з нейкай незразумелай злосцю абцасам чаравiка расцёр яго ў пыл. Потым рэзка адсунуў ложак, адкiнуў некалькi дошак – там была схованка.
– Пад гэтымi дошкамi ёсць усё, што трэба для жыцця, – прасiпеў ён i закашляўся.
– Ты мяне хочаш справадзiць? – спытаў Бусел.
– Прышч у любы момант можа аб’явiцца, а цяпер i для яго ты – нябожчык. Вазьмi харчу на некалькi