Вяртанне з апраметнай. Виктор Правдин

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин страница 4

Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин

Скачать книгу

адзiным на ўсю хату пакоi было чатыры акны, у два з якiх, што выходзiлi на панадворак, праз бруднае шкло нясмела прабiвалася залацiста-жоўтымi пыльнымi промнямi сонца. Справа ад капiтана да сцяны, калiсьцi паклеенай прама па бярвеннях зялёнымi шпалерамi, цяпер абшарпанымi i ледзь не напалову абгрызенымi мышамi ды пацукамi, была прытулена вялiкая трохдзверная самаробная шафа са зжаўцелым люстэркам. Непадалёк высiлася зялёнага колеру драўляная скрыня, абабiтая жалезам.

      «Вiдаць, ёй прыцiскалi крышку склепа», – падумаў капiтан i перавёў позiрк на круглую печ, металiчны ложак, стол, каля якога спiнай да яго стаяў крыху ссутулены чалавек i налiваў у шклянку гарэлку. Бусла нудзiла і ад холаду бiла дрыготка. Якраз праз гэта яму не хацелася ўставаць, каб бандыт не бачыў ягоную слабасць.

      – Выпi, палягчэе, – прагаварыў чалавек i сам зрабiў некалькi глыткоў з рыльца бутэлькi.

      Бусел зразумеў, што перад iм Фiлiн. Рызыкоўныя паводзiны бандыта выклiкалi недавер i насцярожанасць. Як-нiяк, а ў пакоi яны былi ўдвух, рукi, ногi ў Бусла вольныя, i Фiлiн, выкраўшы капiтана, павiнен быў ведаць, што ён валодае баявымi прыёмамi самба i каратэ.

      – Завязваць бойку не раю, – быццам прачытаўшы Буславы думкi, прабасiў Фiлiн i, закусваючы, захрабусцеў агурком.

      – Пакуль што вып’ю, – цяжка ўзняўся на ногi капiтан, – толькi за што?

      – За сустрэчу, – здрыгануўся голас у Фiлiна, ён павярнуўся да Бусла.

      – Ты?! – ашалела вылупiўшы вочы, ускрыкнуў аслупянелы капiтан.

      – Я, – абыякава адказаў Фiлiн.

      У пакоi надоўга запанавала цiшыня.

      Бусел i Фiлiн знешне былi падобныя: аднолькава высокiя, шырокiя ў плячах, не абдзеленыя прыродай фiзiчнай сiлай i спрытам, толькi капiтан бялёсы, а Фiлiн чарнявы. Яны глядзелi адзiн аднаму ў вочы: Фiлiн спакойна, з адценнем абыякавасцi, Бусел разгублена-вiнаватым позiркам, здавалася, праглынаў злачынцу.

      – Фантастыка! – напружана варухнулiся вусны капiтана, ён зрабiў крок уперад, быццам збiраючыся абняць злачынцу. – Вось гэта сустрэча!..

      – Ты выпi, – працягнуў Фiлiн шклянку Буслу, – нiчога неверагоднага ў нашай сустрэчы няма.

      – Ну, не скажы! – капiтан узяў прапанаваны двухсотграмовiк. – За гэта i сапраўды варта выпiць, – ён каўтануў гарэлку адным глытком, панюхаў хлебную скарынку i, цяжка ўздыхнуўшы, роспачна выдыхнуў: – Мой аднапалчанiн, сябрук Васiль Мароз – кiлер… Наёмны забойца! Цi, можа, я памыляюся?

      – Лiчы, што табе пашэнцiла, – прабасiў Фiлiн i зноў прыклаўся да бутэлькi. – Нанялi б iншага – не сустрэлiся б.

      – Ды ўжо ж дзякуй табе, – з’едлiва i п’янавата адказаў Бусел, – удружыў дык удружыў!..

      У Бусла ад выпiтай гарэлкi закружылася галава, але адчуў ён сябе i сапраўды лепей. Куды падзелася ламота ў касцях! Сцiх боль у патылiцы, прыемнае цяпло хвалямi расцякалася па стомленым целе, мышцы зноў налiлiся сiлай. I толькi душу рвала на часткi крыўда, не праходзiла злосць на самога сябе, што так проста даўся ў рукi злачынцам, як малое дзiця, дазволiў абвесцi сябе вакол пальца.

Скачать книгу