Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд. Алег Грушэцкі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд - Алег Грушэцкі страница 18
– Так, і гэтым разам нам без яго ніяк, – пагадзіўся брат.
– Акурат у яго зараз новы вучань. Мо, разам што і прыдумаюць, – падтрымаў кароль.
– Новы вучань? – зацікавіліся юнакі.
– Ну так. Пугач ужо зусім слабы стаў. Гады, самі разумееце. Дзяцей у яго няма, глядзі, усё жыццё пражыў, як пустэльнік. Вось і ўзяў да сябе пераемніка, каб было каму назапашаныя веды пасля сябе пакінуць.
– І хто ж гэта? Ці не наш пан Вуж?
– Не. Хоць і Вуж зараз пры ім, дапамагае па гаспадарцы. Крумкач гэта. Дарэчы, родам з каралеўства Вагорыя. Памятаеце бітву нашых каршуноў з крумкачамі Волха?
– Вядома ж! Такое не забудзеш.
– Дык вось, гэты Крумкач быў адзін з нешматлікіх, хто адмовіўся прымаць у ёй удзел. Ён ужо тады разумеў, што мы змагаемся за праўду, за сваю волю і адстойваем сваю зямлю і сваю незалежнасць, таму і не стаў прымаць удзел у нападзе на наш народ.
– Мудра.
– Так. Розумам і разважлівасцю, нягледзячы на маладыя гады, ён заўсёды адрозніваўся. Волх яго за гэта не любіў, а чуткі пра яго мудрасць даносіліся і да нашага каралеўства. Вось Пугач, калі паміж нашымі каралеўствамі нарэшце наступіў мір, яму і прапанаваў пайсці да яго.
– Вого! Такая прапанова дарагога вартая.
– Згодны. Мяркую, і Крумкач так палічыў і з радасцю пагадзіўся. Спадзяюся, ён аб’яднае ў сабе веды абодвух каралеўстваў, і гэта паслужыць нам усім на карысць.
– Што ж, адна галава – добра, а дзве – яшчэ лепей. Мо што і параяць.
– Тым больш, што Крумкач сам з тых краёў, – падмеціла сястра.
– Насамрэч. Што ж, цяпер мы папросту мусім праведаць нашага старога знаёмага.
– А заадно і завесці добрае знаёмства яшчэ з адным мудрым птахам.
Размова з бежанцамі зацягнулася надоўга і была насычанай. Пабачыўшы, з якой увагай да іх ставяцца, перасяленцы цалкам прасякнуліся шчырасцю і цёплымі пачуццямі і да караля, і да юных герояў. Амаль кожная з жанчын распавяла сваю сумную гісторыю, поўную болю, смутку і адчаю, ад якіх часам слёзы самі наварочваліся на вочы, а да горла падступаў цяжкі гаркавы камяк.
Па сустрэчы ўсе госці атрымалі падарункі ад караля, а дзеці яшчэ і дадаткова прысмакі, таму былі бязмежна ўсцешаныя. І толькі Янка з Міланай засталіся ячшэ больш задуменныя. Яны вельмі спадзяваліся высветліць хоць нешта пра слабасці Маразанны, а выявілася наадварот – што яна нашмат больш небяспечная, чым пра яе думалі. Але і ведаць моцныя бакі праціўніка карысная рэч – ведаеш, чаго можна чакаць, і як быць да гэтага падрыхтаваным. Папярэджаны – значыцца ўзброены. Да таго ж, атрымалася высветліць з размовы штосьці хоць прыблізна пра колькасныя перавагі ворага, яго магчымасці, і больш-менш пра будову замка і прылеглыя тэрыторыі. А паўней даведаюцца з часам. Заўтра ізноў чакае дарога.
Крумкач – новы вучань Пугача
Выпраўляць іх у шлях выйшаў ледзьве не ўвесь каралеўскі двор на чале з самім каралём, хоць Янка з Міланай і намерваліся вырушыць незаўважна.