Інфанта і аднарог. Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў страница 42
Тэрміновы выклік у школу шакаваў большую частку бацькоў, каго давялося заспець дома ці на працы. Яны зрываліся і ляцелі, думаючы, што з іх дзіцём адбылося самае страшнае. Але ў дастатковай колькасці півасёрбаў бацькі ніяк не знаходзіліся: то слухаўкі не падымаліся, то нумары выяўляліся састарэлымі. На маё пытанне, як дазваніцца да канкрэтных мамаў і татаў, півасёрбы адказвалі нешта няўцямнае. Адна толькі Інгебора заплакала ўсю маю камізэльку, сказаўшы, што яна ведае, як звязацца і з мамай, і з татам, але баіцца наступных прафілактычных захадаў.
– Інга, я не магу даць веры ў тое, што твае родныя будуць цябе лупцаваць, – выказаў я сумнеў.
– Лепей адлупцавалі б! – працягвала плакаць яна. – Яны проста забароняць мне гуляць па вечарах і запрашаць у дом гасцей. Я без таго і другога проста не магу жыць.
– Вядома, гэта ж не гісторыя Беларусі, – яхерыста заўважыў я. – Для цябе і для ўсіх астатніх я паўтараю, што бацькі выклікаюцца не па маёй прыхамаці, а на загад дырэктара. Дык жа будзьце ласкавыя выконваць.
І яны выканалі. Выканалі так, як параіла кемлівасць. Хто толькі не апынаўся цягам таго дня ў кабінеце дырэктара разам з імі! Знаёмцы знаёмцаў і суседзі суседзяў. Сталыя знаёмцы і людзі з вуліцы, якім прапанавалі закалыміць на чарніла. Хто заўгодна, толькі не родныя матулі і татулі! Я зразумеў, што вучні пачалі штукарствы, але віскату падымаць не ўзяўся. Надта карцела хутчэй адкаснуцца ад гэтай справы і, адвёўшы належную колькасць урокаў, з’ехаць дахаты.
Рэшта 11 «А», даведаўшыся пра здарэнне з прагульшчыкамі, адразу ж засмуцілася. Ловячы іх перашэпты, можна было зразумець, што яны асцерагаліся такога павароту падзеяў, пры якім я плюну на ўсё з высокай-высокай гары і звольнюся са школы. Гэтага яны жадалі менш за ўсё. Я заявіў, што такі варыянт выключаць нельга, але тут жа абрэзаўся аб недаверлівы погляд Алісы. Каб зрабіць менш прыкметнай маю збянтэжанасць, я стаў гартаць нататнік, у якім ніякіх адметных запісаў, акром план-канспектаў не было. Але ў часе прагортвання з нататніка выпала маленькая паперка. «Цыдулка», – скеміў я і паклаў у кішэню, каб высветліць яе нечаканы змест без сведак на перапынку: «Эрнест Скіргайлавіч! Прашу вас прабачыць мяне за суботняе. Болей такога не паўторыцца. Толькі не гаварыце маёй маме. Ваша вучаніца – Л.Б.».
20
Наступныя дні, а можна нават і тыдні, я намагаўся ўпарадкаваць усе свае думкі і пачуцці. Я старанна раскладваў іх па палічках і шуфлядках, да якіх прымацоўваў адпаведныя цэтлікі, каб лягчэй было разабрацца. Аднак палічкі заўжды ламаліся, шуфлядкі вывальваліся, а цэтлікі блыталіся. Мне даводзілася