Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч страница 16

Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч

Скачать книгу

інкогніта.

      – Ну, табе проста трэба разьвеяцца, – трос галавой загадчык маладзёжнага адзьдзелу “трынаццаткі” Мацьвей, да якога Ірына мела патаемную сымпатыю і якому прызналася неяк пра свае праблемы. – Схадзі ў кіно, ці, лепей, у тэатр… Ведаеш, колькі цяпер маленькіх тэатраў новых, авангардных у горадзе паадкрывалася! Сёньня? Не, сёньня я не магу… А заўтра мне пра тралейбуснае дэпо пісаць… Схадзі вось з Жэнечкам…

      Бацькі Ірыны, малаадукаваныя й баязьлівыя людзі, якія вельмі ганарыліся, што дачка абрала сабе такі пачэсны шлях у жыцьці, палезьлі з роспытамі, аднак пра сьвіст не паверылі, сказалі: ну, да лекара давай. Рэч у тым, што Ірына ня так даўно пісала для “Газэты № 13” вялікі матэрыял пра адну рэлігійную сэкту, “Марсавы сёстры” яна называлася, ці як, і нацягала дахаты іхнай літаратуры, а бацькам нічога не распавядала – яны й спалохаліся за дачку. Ачмурылі сэктанты, вось у дзіцяці й вочы чырвоныя.

      Маці, праўда, патэлефанавала знаёмай лекарцы, і Ірына, якая ўжо й сама баялася ня менш за бацькоў, цэлы тыдзень езьдзіла на край сьвету, з трыма перасадкамі, абсьледвацца. Аднак дактары паціснулі плячыма: здаровая. На дзясяты дзень сьвіст, між тым, стаў ужо папросту невыносны, сьвідраваў мозг, плавіў розум; Ірына на сьценку лезла. Яна круглыя суткі бавіла ў навушніках, начыненых разнастайным хардкорам; сьвіст практычна не даваў спаць… толькі пад раніцу ёй удавалася пагрузіцца на гадзінку ў хісткае забыцьцё. Рукі трэсьліся, позірк ня мог зачапіцца ні за людзей, ні за прадметы, Ірына гатовая была ахвяраваць любой часткай цела за тое, каб сьвіст нарэшце зьнік або стаў прынамсі цішэй. Яна піла транквілізатары, гарэлку, снатворнае й прадукцыю кампаніі “Панацэн”, аднак сьвіст бязьлітасна працягваў выядаць Ірыну знутры. І вось тады, калі Ірына цьвёрда вырашыла скончыць жыцьцё самагубствам, роўна празь месяц з пачатку гэтай незвычайнай, пачварнай хваробы, сьвіст нечакана стаў сьціхаць.

      40

      Залік па практыцы яна, натуральна, атрымала; яе многія ведалі, яе любілі, яна ж падавала надзеі ў гэтым вялікім бандыцкім кабаку пад назвай “Айчынная журналістыка”, ня вельмі прыгожая, але абаяльная афіцыянтачка з талентам публіцыста, ад яе чакалі, што праз пару-тройку гадкоў яна пачне падаваць і буйныя, па-майстэрску прыгатаваныя стравы на замову патрабавальных дзяржаўных кліентаў. Аднак на іспытах узьніклі праблемы: Ірына заваліла адзін, другі, трэці, на пераздачу не прыйшла, і ўвосень стала вольнай як падхоплены ветрам пусты цэляфанавы пакет.

      Празь некаторыя асаблівасьці арганізму жанчын у нашай краіне ў войска не бяруць; Ірына досыць лёгка ўладкавалася ў “Газэту № 13”, тую самую, дзе праходзіла практыку, нармальна зарабляла, на даляглядзе віднелася магчымасьць паступаць наноў. Сьвіст не пакідаў яе, засеў недзе глыбока, вуркатаў ціхенька і ў параўнаньні з тым, што адбывалася з Ірынай той жахлівай вясной, яе цяперашняе існаваньне стала цалкам цярпімым; яна нават звыклася са сьвістам, ён ператварыўся ў непрыемнага, але заўсёднага спадарожніка яе жыцьця. Ціхі, ненавязьлівы сьвіст.

Скачать книгу