Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч страница 12
32
Ён выйшаў з дому, калі ўжо прыпякала; трое катоў праводзілі яго насьцярожанымі вачыма. Зазвычай на лаўцы сядзелі вечныя, велічныя й старажытныя, як руіны Парфэнону, бабулькі – зрэшты, каты, што занялі іхнае месца, выглядалі ня менш салідна. Не было відаць і дворнічыхі, зь якой Даражок заўсёды вітаўся. Між ідыёцкіх рознакаляровых пысаў іншамарак стаяла некалькі пустых бутэлек з-пад шампанскага. Даражок дастаў цыгарэту; высьветлілася, што ён забыў запальнічку. Аднак вяртацца не хацелася, надта ўжо прыязнай была зь ім сёньня вуліца. Змрочныя думкі пра тэлефонную кабінку на паштамце пакрысе зьнікалі – усё ж моцна прыкутыя дзьвюхногія да зьменаў прыроды, варта сонцу зьявіцца, і можна здымаць вяроўку. Нырнуўшы ў зялёнае, нешта рэпэтавалі птахі. Даражок не дайшоў яшчэ да крамы, а ўжо забыў пра газонакасільшчыка й пра Драпковіча – пагатоў, і ля крамы людзей чамусьці не было, хаця там зь сямі гадзінаў штодня таўкліся ведама хто. На тым баку вуліцы, як цалкам скончаныя скульптуры, віднеліся штабелі пліткі. Даражок прайшоў далей, запаліць трэба было зараз жа, інакш – катастрофа, сьмерць, выгнаньне. Нечакана для сябе самога ён усьміхнуўся, але тут жа сьціснуў вусны і аглядзеўся вакол. Ніхто тут ня мусіць бачыць ягонай усьмешкі. Абапал алеі нясьпешна пагойдваліся дрэвы. Раз-пораз яму здавалася, што між дрэваў зьяўляецца нечая постаць, але ніхто так і ня выйшаў яму насустрач. Пасярод дарогі над раструшчаным пачкам печыва, якое, відаць, нехта выкінуў з вакна машыны, нэрвова ківаў галавой голуб. Даражок спыніўся ля пешаходнага пераходу, дачакаўся зялёнага сьвятла й падыйшоў да прыпынку. Зубы на рэклямным шчыце заклікалі да карыесу.
– Запальнічкі ня будзе ў вас? – сказаў Даражок ў цёмнае адчыненае вакенца шапіку й сунуў цыгарэту ў рот. Прадавачка яго ведала: не па імені, не, толькі ў твар. Яны пасьміхаліся, бывала, адно адному: навошта? Ён пачакаў, потым дастаў з кішэні дробязь. Словы пра запальнічку прагучалі неяк недарэчна, не пасавалі яны неяк гэтай раніцы. Даражок прыгнуўся й зазірнуў у шапік, гатовы вось-вось апынуцца вочы ў вочы з прадавачкай, якая, мусіць, зараз пад прылаўкам, ды не: нікога там не было, толькі чырванела запальнічка побач з касавым апаратам. Даражок ужо працягнуў