Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч страница 8
22
Публіка пасьпела трохі падзабыцца на існаваньне кінатэатру імя Жданава і кіно навогул, калі цягнік гісторыі раптам затармазіў на годзік каля адной цудоўнай станцыі зь сінім возерам і белымі бусламі. Пасьля смутнага часу бясцар’я дырэктарам нарэшце прызначылі паджылую, але юную душой Маю Леанідаўну, патрыётку, што нават са стаматолягамі размаўляла выключна па-бумску, асабіста ведала ўвесь айчынны дысыдэнцкі дыснэйлэнд і чытала на ноч Шамякіна. Ведала б яна, да чаго прывядзе гэтае яе імкненьне зрабіць з кінатэатру культурны цэнтр, куды зьляталася б сакалінай сям’ёй моладзь і вывучала б Камасутру патрыятызму, узаемнічаючы зь дзеячамі культуры, мастацтва і чагосьці трэцяга, а таму лішняга. Памяшканьняў для такіх заняткаў у горадзе апошнім часам бракавала; неўзабаве кіно імя Жданава ўзгадала, што такое чалавек і чым ён пахне зімовымі вечарамі. Таварыш Грышук лаяўся па мацеры, калі падлога пад ягонымі тапачкамі выбухала загадкавым, аднак адназначна непрыстойным воклічам: “Жыд ведае Русь!”. Калі нацыяналістычныя шабасы сканчаліся, ён выглядваў у вакно: у сутоньне з кінатэатру выходзілі падлеткі зь бела-чырвонымі стужкамі ў валасах ды вясёлыя картавыя дзядкі, у кожнага пісьменьніцкі барэт на пляшыне. “Чуеш, Мікола!…” – неслася па двары; нехта нібы бомж валасаты валачыў за сабой гітару, а падобная да баптысткі дзеўка гучна запрашала ўсіх у “сядзібу на каву з канапкамі”. “Ну падаждзіце, будут вам седібы, будет вам і кава с канапай”, – хаваў свой гарачы шэпт у складкі бруднай фіранкі Грышук; дом заміраў, на кухнях выключалася сьвятло, жыльцы пачуваліся як пад акупацыяй. І толькі калі апошні нашчадак паліцаяў садзіўся ў трамвай, зноў запальваліся экраны тэлевізараў, вулічныя ліхтары й сонцы ў душах; людзі, гнаныя нейкім прыемным шалам, шукалі ў трох тэлевізыйных хваінах Леаніда Якубовіча – мудрыя вусы супакойвалі й давалі надзею. А ў гэты час Мая Леанідаўна ўласнаручна ставіла кінатэатр на сыгналізацыю, падымала каўнер асеньняга паліто й рушыла на прыпынак.
23
Яна была разумнай жанчынай, Мая Леанідаўна, і пасьля таго як цягнік гісторыі зноў набраў ход і над краінай усталявалася стабільна-бязвоблачнае неба, у дырэктаркі зьявіліся нядобрыя прадчуваньні. Аднак, аптымістка па натуры, яна спадзявалася, што ў яе яшчэ ёсьць хаця б пара гадкоў… У кінатэатры штотыдзень адбывалася якая-небудзь імпрэза, білетэрка, пабудзі яе сярод ночы, магла на памяць распавесьці біяграфію любога клясыка айчыннай літаратуры, кінамэханік спакойна мог пісаць доктарскую па дакумэнталістыцы семідзесятых, а прыбіральшчыца мыла падлогу новым дзяржаўным сьцягам. Шафа ў кабінэце Маі Леанідаўны ламілася ад кніг з аўтографамі славутых майстроў культуры – прыемна было часам зірнуць на сьляды заслужаных асадак: “Дарагой Маі з падзякай! Няхай не згасае сьветлы агмень…” і г.д. Кіно ў Жданаве спраўна працягвалі