Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч страница 9
Назву кінатэатра Гагулевіч узяў голасам у шматзначны й пагардлівы курсіў.
– Да таго ж маецца заключэньне экспэртаў з санэпідэмстанцыі: памяшканьні вашыя не адпавядаюць нормам… Цесната… І навогул – няправільна гэта: кінатэатр на першым паверсе жылога дому… Вы бы самі змаглі там жыць, у такім доме, а, Мая Леанідаўна? У тым і справа, што не-е-е… Ды вось яшчэ… Грамадзкасьць піша…
Ён пакруціў у руках скаргу таварыша Грышука, паказаў збляднелай Маі Леанідаўне здалёк і тут жа схаваў назад у папку.
– Марнуеце вы там плошчу. Забыліся, што ў вас кіно… а ня што другое. Да траўня памяшканьні здаць. І ніякіх пытаньняў.
25
У той сонечны травеньскі дзень Мая Леанідаўна, як чалавек, якому ўжо няма чаго губляць, выйшла з трамвая на прыпынку “Кінатэатр імя Жданава” апоўдні, спазьняючыся на працу роўна на тры гадзіны. “Тонучы карабель”, – зь невясёлай усьмешкай падумала яна, затрымаўшыся крыху перад вэртыкальна прымацаванай да сьцяны чырвонай аблупленай шыльдаю, што адчайна хапалася за тынк жалезнымі лапамі. “Мой тонучы карабель. Капітан будзе на ім да апошняга. Толькі вось патануць мне не дадуць. Калі судна скрыецца пад вадой, капітан спакойна сядзе ў шлюпку й празь пяць хвілінаў апынецца на бліжэйшым беразе”. З вялікім чорным валуном на душы дырэктарка зайшла ўнутр, ля касы было звычна прахалодна й пуста; яна папіла кавы зь білетэркай, паўшчувала дружалюбна прыбіральшчыцу й пайшла ў свой кабінэт.
26
Яна ўладкавалася за сталом, пад раскідзістымі вушамі мудрага кактуса, які сталеў на прываконьні, пашалясьцела крыху па звычцы паперамі; сядзела на самым ускрайку крэсла, бо ўжо даўно, з пачатку вясны, Мая Леанідаўна перастала прысланяцца да сьпінкі, па-гаспадарску адкідвацца ў ім і са зморанай упэўненасьцю класьці рукі на падлакотнікі, яе падсьвядомасьць на дзіва хутка зьмірылася з тым, што кінатэатр давядзецца аддаць. Натуральна, такая-сякая барацьба была: дырэктарка ўзяла з шуфляды пазатыднёвы нумар апазыцыйнай газэты, на апошняй паласе якой капціўся гнеўны загаловак “Кінатэатр імя Жданава: пахаваньне зажыва” – зварот да гарадзкіх уладаў падпісалі практычна ўсе, хто летась выступаў ва ўстанове на вуліцы Ўзорнай, і што? – у глыбіні душы кожны зь іх ведаў, што змаганьне скончыцца паразаю. Цяпер памяшканьні ўжо чакалі арандатараў – для “Кінавідэапракату” гэта была цудоўная магчымасьць зарабіць грошай. Мая Леанідаўна паднялася, падыйшла да вакна. Дзьве мамашы ля суседняга пад’езда прасавалі заліты трохкутным ценем асфальт аднолькавымі каляскамі й палілі адна адной у твар; трохі воддаль старэйшыя дзеці распачыналі гульню ў хованкі: пахілы няўклюда закрываў далонямі вочы, а ад яго гаманлівымі коламі разьбягалася зграйка дзяўчынак. “Толькі не падглядвай!”