Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч страница 6
17
Калі б не Назар Мінус, я бы дагэтуль. Страшна нават падумаць, што б я дагэтуль. Нават не магу сабе ўявіць, што я дагэтуль бы. А цяпер я біёграф вялікага, без сумненьняў выбітнага чалавека. Раней я шмат чытаў, і ўрэшце захварэў на беспрычынную роспач. Тады я стаў пісаць, зранку перачытваў напісанае й мне станавілася яшчэ горш. Мая жыцьцёвая прастора звужалася. Мае ўласныя пінжакі пагражалі мне расправай, я кленчыў грошы ў заўзятых ворагаў, у тых, з кім бы год таму за адзін стол ня сеў, на ноч я клаў пад падушку нож. У маім пакоі вісеў на сьцяне чачэнскі сьцяг, а з раніцы ў лазьніцы я адплёўваўся крывёй.
Так працягвалася да той пары, пакуль я… Зрэшты, як пісалі ў старых, цяпер забароненых кнігах, пра ўсё па парадку.
Частка другая
Жыціе сьвятога К
18
Дзякуючы кіно мінуўшчына ўяўляецца нам чорна-белай; чорнымі былі робы тых палонных немцаў, якія ўзімку 1948 году пачалі будоўлю пяціпавярховіка на вуліцы Ўзорнай, і бела, белым-бела сьвяціліся на кадрах кронікі яго сьцены ў жніўні, калі аб’ект здавалі ў эксплюатацыю. Тады будавалі шпарка. У верасьні каля двухсот чалавек сьвяткавалі тут улазіны: усё як мае быць, зь дзіцячым плачам, песьнямі, скокамі й бойкамі. Дом атрымаўся шыракагруды, з ордэнскімі планкамі невялікіх балькончыкаў, з шырокімі пляцоўкамі, высокімі столямі, узараным дваром, дзе выцьвіталі на сонцы гімнасьцёркі й юныя дрэўцы, ды праставатай фігурнай ляпнінай, якая апярэзала дах. Праўда, першы паверх першага пад’езду новага дому на Ўзорнай так ніхто й не заняў – пляніроўка гэтай часткі дому прадугледжвала нейкія грамадзкія памяшканьні. Жыхары спадзяваліся, што там адчыняць булачную, аднак высьветлілася, што ўсё значна весялей. З новага году пад спачывальняй сям’і члена парткому зборачнага цэху матацыклетнага заводу тав. Грышука, на адзін цагляна-бэтонны мэтр уніз ад ножак шлюбнага ложку, пачала працаваць кіназаля.
У тым жа 1948 годзе за васемсот кілямэтраў ад вуліцы Ўзорнай з вакна гісторыі выпаў вялікі чалавек тав. Жданаў, Андрэй Аляксандравіч, хай будзе зямелька пухам ягоным фаміліянтам. Заслужаная была асоба, рукі па локці ў крыві, не цуралася культуры, нават болей: клапацілася пра мастакоў, па-бацькоўску павучала, як несьці разумныя, добрыя, вечныя і ідалягічна выверана-вывараныя яйкі ў масы. Даручэньне