Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч страница 7
20
Першым дырэктарам кінатэатра імя Жданава стаў сьпісаны з войска аднарукі маёр – у кабінэце яму не сядзелася, працоўныя дні ён бавіў швэндаючыся па навакольлі, рыпеў ботамі й душу меў шчырую, як у Ільлі Мурамца. Падчас сэансаў маёр сядзеў у закуточку зьлева ад экрану й дыміў сабе ў кулак; на лысіне дырэктара вальсавалі трафейныя жарсьці. Сьмешна заікаючыся, ён хрыпла крычаў на ўсіх: супрацоўнікаў, жыхароў дому, нябачных тэлефонных начальнікаў, дваровых хлапчукоў, што залазілі на прываконьне кабінэту, сабакаў, якія грэліся наўкола люку каля ўваходу. Мясцовыя жанчыны шкадавалі маёра й называлі за сьпіной Мудзёначкам.
У шасьцідзесятыя, пасьля некалькі часовых і нічым не выбітных асобаў, кінатэатр імя Жданава ўзначаліла энэргічная дама, падобная да Робэрта Плянта. Яна любіла высокія боты; вакол была хрушчоўская адліга, новая дырэктарка тупала па лужынах, абпырскаваючы рэпэртуар імпартнымі кінакроплямі. Потым кінатэатрам кіравалі таварышы дэ Фюнэс і Жан Марэ… Гэта быў залаты век у гісторыі няшчаснага сынэма, давялося нават закупіць два тузіны нязручных, але танных крэслаў з патыліцамі кадэбістаў; пэнсіянэркі, што ішлі ў кінатэатр імя Жданава білетэркамі па спакойны сон і ціхую старасьць, не вытрымлівалі наплыву гледачоў і сканчалі жыцьцё самагубствам.
Але неўзабаве кінатэатр абязьлюдзеў. Фантамас пагудзеў яшчэ крыху ды вярнуўся ў родную капкраіну, дзе перайшоў на парляманцкія сродкі барацьбы, перамог на муніцыпальных выбарах у Сан-Трапэ, горадзе-пабраціме сталіцы нашай Радзімы, і напісаў кніжку мэмуараў. Стужка ў кінатэатры імя Жданава пайшла айчынная, панылая, аднастайная, як бясконцы лістападаўскі дзень. А дырэктарам стаў ціхі, хваравіта ахайны, паталягічна ветлівы чалавек, які вітаўся нават з прыбіральшчыцай. Аднойчы па яго прыехалі і пасьля гэтага сымпатычнага начальніка ніхто ня бачыў. Па чутках, небарака раней працаваў у адным далёкім аўтаномным краі і быў заўзятым хабарнікам. А тут зноў узяўся за старое – спэкуляваў фінскай сантэхнікай, якую захоўваў у кінарубцы. Кінамэханік быў апраўданы празь недахоп доказаў.
21
Потым дырэктары пачалі зьмяняцца як рымскія кесары ў пэрыяд заняпаду імпэрыі. Прэтарыянская эпоха прынесла нябачныя дагэтуль пераўтварэньні. Ля кінатэатру паставілі будку з марозівам, пепсі-колай і півам, прыбіральню зачынілі на рамонт, а пасярод двара выкапалі падземную, платную. На экране замільгалі голыя грудзі заакіянскіх супэрмэнаў і бліскучыя потныя попы іхных сябровак. Увесь дом піў цэлы тыдзень, адыходзячы ад галоўнага красавіцкага шоку першага году новае эры: заслужаная артыстка рэспублікі на вачах у мільёнаў працоўных зьняла станік і агаліла свой падазрона роўны загар на цалкам савецкім бюсьце. Другая заслужаная артыстка, якая дагэтуль так пранізьліва грала патрыётак, задрала спадніцу і закрычала проста ў камэру: