Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахарэвiч страница 10
– Ну што ж, – дырэктарка дастала зь верхняй шуфляды зьвязак ключоў і марудна, па-старэчаму пачала падымацца зь месца. – Хадземце. А дазвольце пацікавіцца… Дазвольце пацікавіцца, што вы плянуеце разьмясьціць тут? Бар-рэстаран? Кампутарную краму? Ці інтым-шоп? Ну адкажыце ж, не адмоўце ў апошнім жаданьні асуджаным на сьмерць!
І тут усклычаны падняў вочы ўгору й хутка адступіў у бок. Воран прыглушана крыкнуў. Мая Леанідаўна апынулася перад нізкарослым, маршчыністым і вельмі нэрвовым маладзёнам, які зь незвычайнай хуткасьцю то засоўваў рукі ў кішэні, то высоўваў іх і цёр, цёр, цёр – нібы нарыхтоўваў папяровую муку.
– Што-што – дзед Пішто, – раздражнёна прамармытаў чалавек. Ён павярнуўся да дырэктаркі ў профіль, схаваў нарэшце беспакойныя далоні за сьпінай і ціхім, бясколерным голасам дадаў:
– Тут будзе тэатр.
Частка трэцяя
Кацінае места
27
Звычайна ў гэты час газонакасільшчык ужо пачынаў сваю працу; праклятая прылада ўмомант забівала нават самы моцны сон, Даражок нехаця падымаўся ды падыходзіў да вакна. Нядаўна траву стрыглі пад самым бальконам: малады чалавек, мружачыся, штурхаў перад сабой касілку, нібы плуг, якім аруць цішыню – Даражок зь нянавісьцю глядзеў хлопцу проста ў паголенае цемя, думаючы пра тое, што з гэтай узаранай цішыні, засеянай дробнымі клопатамі, нічога не прарасьце – ну хіба што яшчэ адзін дзень, банальны, як хлеб. Назаўтра віскат перамясьціўся кудысьці ўбок, потым накірунак, дзе працавала касілка, ужо немагчыма стала вызначыць – здавалася, касец шчыраваў на даху. А сёньня ён зусім зьнік, і Даражок, які звыкся прачынацца заўсёды ў пілавіньні ўласных сноў, вырашыў паваляцца ў ложку яшчэ трошкі.
Ён ляжаў, баючыся варухнуцца, бо так нядоўга й расплёскаць сябе, наталяўся цішынёй і думаў пра тое, што зусім неабавязкова прамаўляць услых: пра тое, што грошы сканчаюцца і трэба нарэшце знайсьці сабе хаця б нейкі заробак, пра тое, што ў гэтую хвіліну няблага было б адкінуць коўдру й пабачыць побач ружовае жаночае сьцягно, у радзімках і прышчыках, як на прыватных фота ў інтэрнэце, цёплае сьцягно, успацелае пругкае паўшар’е – наколькі б яно выратавала гэтую раніцу. Пра тое, што калі грошы скончацца, давядзецца вяртацца ў Неглыбокае да бацькоў. Некалькі месяцаў таму ён сказаў ім, што знайшоў у сталіцы працу, і бацькі, пераглянуўшыся, далі яму грошай на першы час: пакой, мэтро, толькі ня еш у макдональдсах, і ня пі, галоўнае, ня пі, сынок. А ён і ня піў, наколькі можна ня піць у гэтай краіне, спраўна дасылаў дахаты лісты, заўсёдны ляканізм якіх кампэнсаваўся амаль дзіцячым аптымізмам: Даражок кожнага разу імкнуўся аздобіць сваё кароткае пасланьне якой-небудзь яскравай дэталяй, кшталту памады на гальштуку шэфа, і з дапамогай гэтага няхітрага падману ўдала, як яму здавалася, падтрымліваў