Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахарэвiч страница 1
Выдадзены ў ХІХ стагодзьдзі «Słownik geografiсzny Królewstwa Polskiego i innych słowianskich krajów» выдае на запыт «Szabany» чатыры згадкі, амаль усе яны прыводзяць нас да іншых шабаноў, што месьцяцца ля ракі Дзісны – і толькі ў адным з апошніх тамоў знаходзім патрэбнае: Шабаны – ws. nad rz. Świsłoczą, pow. miński, w gm. Siennica, o 12 w. od Mińska, ma 16 osad; grunta szerkowo-gliniaste, urodzajne, łąki obfit. Зазіраньне ў чужыя слоўнікі дае наступныя вынікі: слэнгавае турэцкае слова «şaban» значыць «дурань».
Магчыма, яно зьявілася дзякуючы папулярнаму фільму сярэдзіны васьмідзясятых «Імігрант Шабан» («Gurbetçi Şaban»): пра тое, як наіўны вясковы мужык Шабан едзе на заробкі ў Нямеччыну. Па дарозе ў аўтобусе ён сустракае дзяўчыну, імя якой – Бахар… Апрача гэтага, ша’абан – назва восьмага месяца мусульманскага календара. На трасянцы «шабаны» – далёкая, пазбаўленая начных клюбаў, талеранцыі і мэтро мясцовасьць, дасьледаваньне якой зьвязанае з пэўнай рызыкай. Па-нямецку «schaben» – шкрабаць, церці, дзерці. Роднасныя словы з блізкім значэньнем сустракаем у гоцкай мове: skaban, у швэдзкай: skava, у літоўскай, якую празь яе некранутую старажытнасьць часта клічуць папрацаваць лінгвадэгустатарам: skabėti, рэзаць, сячы. Зрэшты, усе гэтыя нянаскія шабаны можна зьвесьці да простага лацінскага scabere. Ангельцы маюць свой абрад шабанаваньня: досыць згадаць вяршковае, духмянае to shave. Нават расейскія скапцы маюць з шабанамі аднолькавы корань, хай сабе і трохі падрэзаны.
Такім чынам, вёска. Магчыма, у вёсцы жылі нейкія скрабуны, якія скрэблі для ўсяго навакольля, і штодня ў Шабаны цягнуліся драбіны, да верху напоўненыя рознымі рэчамі, якія няблага было б аддаць трохі паскрэбці ў дасьведчаныя рукі. Скуру там, гузікі, дзеці, патэльні, грамафоны, маладую бульбу… Адзін стары вар’ят, які неўзабаве патануў у катлаване, распавядаў неяк Рошу, што ніякіх шабаноў да першай сусьветнай тут не было, проста безыменны хутар, пакуль дажджлівай восеньню 1918 году нямецкі атрад не заблукаў у ваколіцах Сеньніцы – прычынаю стала поўная непраходнасьць адзінай затопленай, ледзь угадванай пад тоўстым пластом гразі дарогі, па якой туды можна было трапіць (цяпер гэта паварот на Шабаны ў раёне супэрмаркету «Прастор»): «Was für eine scheußliche Slammbahn!» – усклікнуў ушчэнт мокры нямецкі ахвіцэр, на гражданцы – паэт-экспрэсіяніст, пазіраючы на тое, як на топкай дрыгве, што была пазначаная на трафейнай мапе як дарога, лопаюцца бурбалкі бруднай жоўтай пены. Зрэшты, гэтая вэрсія падаецца малаверагоднай. Наяўнасьць іншых населеных пунктаў і тэрыторый з назвай Шабаны (назва Шабаны з вытворнымі сустракаецца ад Атлянтыкі да Ўралу і сягае далей: у сібірскім сяле