Гісторыі ў прыцемках (зборнік). Зміцер Дзядзенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Гісторыі ў прыцемках (зборнік) - Зміцер Дзядзенка страница 4
Акурат калі я дачытаў гэты ліст і яшчэ трымаў яго ў руках, не ведаючы, што з ім зрабіць, у мяне зазвінеў тэлефон. Незнаёмы густы голас спытаўся, што я думаю наконт іх прапановы. За мной сачылі нават дома! У спалоху я кінуў слухаўку і больш у той вечар не падыходзіў да тэлефона.
Наступныя пару дзён я не выходзіў з дому: пакуль было магчыма абысціся без закупкі прадуктаў, я стараўся не паказвацца на вочы маім пераследнікам. За гэты час я ўпарадкаваў свае запісы, і гэта нечакана мне дапамагло: я зразумеў, дзе трэба пачынаць пошукі яек птушкі Рух! Я спаліў свае паперы, каб па маіх слядах не змаглі прайсці гэтыя невядомыя мне людзі. Хто яны – я не ведаў, але ўжо асабліва гэтым і не пераймаўся: калі б намеры іхныя былі чыстымі, мне б не сталі падкідваць ананімныя лісты.
Дзякуй Богу, мне не было патрэбы паліць абсалютна ўсе свае запісы – гэта заняло б занадта багата часу. Я знішчыў толькі ключавыя. Агонь прагна паглынаў аркуш за аркушам, а я ў гэты час адчуў сябе маленькім дзіцем – гэтак жа зачаравана я глядзеў на вогнішча ў дзяцінстве, спрабуючы зразумець душу агню. Я не зразумеў яе і цяпер, затое мне ўдалося спаліць усе масты, якія вялі ад мяне да таямнічых яек.
Як бачыце, я ўсё паспеў. Вашым гаспадарам не ўдалося нічога знайсці, іначай бы мы не размаўлялі тут так доўга… І яшчэ. Ведаеце, я баюся болю. Дакладней, не так: я занадта шмат чытаў пра катаванні нават сярэднявечныя, каб не зразумець, што практычна для кожнага чалавека можна знайсці балючую кропку і зламаць яго. Я не супергерой, я не зроблены са сталі… Але мне хапіла часу, каб не толькі спаліць паперы, але і з’есці з дзясятак пігулак перад вашым уварваннем. Падзейнічаць адразу яны не маглі, але мы размаўляем ужо дастаткова доўга…
Мангол агаломшана глядзеў, як акулярнік зваліўся ў курчах на падлогу і пачаў хрыпець у агоніі. Потым ён падскочыў і стаў біць, біць, біць нагамі ў сляпой раз’юшанасці, аж пакуль цела не заціхла пад ягонымі ўдарамі.
Голем з Малой Мар’ямпольскай
Забойцу нічога не павінна было спыніць. Ён усё разлічыў, вывучыў дом як свае пяць пальцаў. Дзякаваць богу, часу на гэта было дастаткова. Вось тут трэба ступаць асцярожна: гэтая маснічына рыпіць. Пераступіў. Ён, вядома, зможа патлумачыць, чаму ходзіць тут у такі позні час. Але ўсё ж лепей не рызыкаваць. Іначай давядзецца адкладаць справу ды вынаходзіць новы спосаб: другі раз гэтак ісці ўжо не варта.
На вуліцы цяпер светла, амаль як удзень. Аднак зачыненыя аканіцы не дадуць прабіцца ў пакой нават месяцоваму святлу. Толькі вузенькі прамень пралез у шчыліну. Халодны спакойны прамень, што супакойваў думкі.
Ён лёгенька пастукаў пазногцем у дзверы. Яна адчыніла амаль адразу.
– Ты? – у голасе было непадробнае здзіўленне. – Чаму так позна