Русалкі клічуць. Зараслава Камінская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Русалкі клічуць - Зараслава Камінская страница 3
Возера плёснула, дакранулася да грудзей, і Марыля нырнула. І страціла адразу ўсе пачуцці, засталося толькі адно: няма зроку, няма слыху, толькі адчуванне скурай. Плыла, наколькі хапіла дыхання. Вынырнула ці не на сярэдзіне. Уверсе на поўню набегла хмара, быццам бы лісток прыдзьмула да вялікага яблыка, і срэбны шлях не ззяў, як раней. І тут – бултых! Камень? Птушка? Звер? Штосьці шабоўснулася за спінаю.
Павярнулася – паверхня амаль гладкая. Амаль. Захацелася хутчэй на бераг, але баялася адвярнуцца, узіралася ў чарнечу. І цемра нарэшце парвалася – нешта вынырнула з яе і паплыло якраз па зіхатлівай дарозе.
Не, не звер. Чалавек. Ды пасля вайны вакол вёскі бадзялася столькі прыхадняў, зарослых і страшных, што мо і звер. Уцякаць?
А ён плыў да яе, прыгожа, хутка. Хутчэй, чым яна. Занырнуць, схавацца? Але няма як схавацца на сярэдзіне возера.
– Дабранач!
Голас малады. Сам незарослы. Здаецца, не звер.
– Добры дзень.
Ён зусім блізка: чутно, як цяжка дыхае, а ў месячным святле відаць мокрыя валасы і бліскучыя вочы. Рухаўся па коле, і яна паварочвалася за ім, каб не губляць позірку:
– То ж мы вітаемся ўначы, які тут дзень? Сполах праходзіў, змяняўся цікаўнасцю:
– Адкуль прыплылі?
– Здалёк. Ты з гэтай вёскі?
– Але.
– То яшчэ сустрэнемся.
І пасля гэтага абяцання Марыля адчула, што там, пад вадой, у іншым сусвеце, яна зусім голая. А ён?
Ён павярнуў да свайго берага, не развітаўшыся. Толькі крыкнуў здалёк:
– А ты не толькі ў возеры, але і па зямлі прыгожа рухаешся!
Бачыў?
Але як тут спытаеш: і сорамна, і ён вунь дзе, яшчэ крыху – і выйдзе з вады. Выйдзе з вады! Марыля крутанулася, каб не падглядаць, і павольна паплыла ў супрацьлеглы бок. Крыху развіднелася – гэта разам зсонцам надыходзіў новы працадзень. Іншых тут не было.
Cубота, але ўсё роўна патрэбна падымацца на працу. Наста выпраўлялася пісаць пра спартовыя зборы, а Ліза – рабіць кліенткам манікюр.
Яны вучыліся разам, разам жылі ў інтэрнаце, і размеркавалі іх разам у адну і тую шматтыражку, на завод.
– Каша будзе праз тры хвіліны.
Гэтак Наста будзіла Лізу амаль штодня. І Насту не выключыш, не перавядзеш на пяць хвілін пазней – прыйдзе і адбярэ коўдру.
– Каву наліла, малака няма.
Ліза яшчэ не прывыкла прачынацца на новым месцы, таму ранак здаваўся незвычайным, незнаёмым. Такім, як першы ранак пасля таго, як скончыўся тэрмін яе размеркавання: Ліза выйшла з-пад коўдры і апынулася ў цалкам невядомым свеце. Але назад вярнуцца было немагчыма – так, як немагчыма яшчэ раз прагледзець жахлівы сон. Тым самым ранкам яна звольнілася і пайшла на курсы. Рабіць пазногці