Дагератып. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дагератып - Людміла Рублеўская страница 5
– У цябе дакладна арыстакратычныя карані, Гальяш! – з хваляваннем зазначыла я. Біёлаг паціснуў плячыма і зірнуў на мяне амаль вінавата.
– Нічога не магу патлумачыць. Бабуля памерла, дзед памёр, маці наўрад што ведае, яе радавод ніколі не цікавіў. Дзеда ненавідзела, з бабуляй сварылася – як жа, дачка-камсамолка збегла да імперыялістаў.
– Я дапамагу разабрацца з гэтымі дакументамі, – вырвалася ў мяне. – Я ж у архівах з падобнымі працую.
Ніколі не прапаноўвайце хлапцу, які вам падабаецца, нават страшэнна падабаецца, сваю дапамогу, калі ён сам не просіць. У іх, мужчынаў, інстынкт: апякаеш яго – ты “мамачка” альбо драпежніца, якая хоча яго акруціць, а калі вакол цябе трэба бегаць з марозівам і паліто – ты чароўная дама, якую ён, магчыма, заваюе, нягледзячы на цяжкасці.
– Дзякую, але гэта не гарыць.
Голас гучаў настолькі знарочыста абыякава, што я абурылася і засмуцілася. Бо абыякавасць да гісторыі, у тым ліку ўласнага роду, уважаю за такі недахоп разумовы і душэўны, што чалавек успрымаецца, як інвалід. Я не хацела б настолькі расчаравацца ў шэравокім біёлагу.
Я моўчкі паклала ў скрынку зноў загорнуты ў сурвэтку дагератып, а Гальяш ужо трымаў у руках пульхны сшытак у зялёнай пацертай вокладцы, яшчэ адзін экспанат з каробкі. Сшытак аказаўся ўвесь спісаны цвёрдым почыркам з вострадахавымі літарамі. Вельмі падобна на дзённікавыя запісы… Дата на першай старонцы – 1893 год – падалася мне чамусьці страшэнна знаёмай. Ах, так, гэта ж лічба з каменнага п’едэстала знакамітай скульптуры-фантана “Хлопчык з лебедзем”, зробленай у год адкрыцця ў горадзе водаправоду. Колькі я на першых курсах сядзела з сябрамі на лаўцы каля таго фантану, сузіраючы гэты надпіс. Дарэчы, пляц з фантанам празвалі “Панікоўкай” – бо хлопчыка, які пяшчотна прыціскае да сябе вялікую птушку, гарадскія жартаўнікі прыпадабнялі да персанажу рамана Ільфа і Пятрова “Залатое цяля”, старога шалбера Панікоўскага, што больш за ўсё на свеце любіў красці гусей.
Але перад намі дзённік, напісаны больш за сто гадоў таму! Подпіс уладальніка знайшоўся: “Багуслава Н”. Відаць, тая самая дама з цыгарэткай!
– Гэта табе таксама не цікава? – як мага больш холадна папыталася я.
Ну чаму, чаму патрапіла мне ўтрэскацца ў хлопца, які настолькі не падзяляе маіх інтарэсаў? Ды каб я на антрэсолях нашай хрушчоўкі такое знайшла, я б валяр’янку бутэлечкамі піла, абы сэрца ад радаснага ўзрушэння і прадчування таямніцаў не выскачыла! Але Гальяш усё-ткі, падобна, больш прыкідваўся абыякавым, чым быў. Ён кусаў вусны і вадзіў пальцамі па сшытку, быццам наважваўся… І нарэшце прамовіў глуха:
– Мне страшна.
Ад нечаканага прызнання ў слабасці, ад усведамлення, што я заслужыла такую шчырасць, я зноў расчулілася, расцяклася, як алей на цёплай патэльні.
– Чаму?
Гальяш