Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Чужая бацькаўшчына - Вячаслаў Адамчык страница 3
– Гэта мая залувiца, – прызналася маладая гаспадыня. – Сястра майго нябожчыка.
Нямая выглядала на адны гады з маладзiцаю, але, раскруцiўшы i зняўшы з галавы хустку, выдалася старэйшаю.
– Нашто раздзяешся? – Маладзiца паказала на вядро, што стаяла на калодзе ў памялешнiку. – Пара карову паiць.
Нямая пакiвала галавою, апранулася i, глянуўшы спадылба на чужых мужчын, выйшла з хаты.
Стары аблiзаў лыжку, склаўшы тры пальцы, перахрысцiўся на абраз i падзякаваў за полудзень.
– Няма за што, – азвалiся абедзве разам кабеты.
– То як умовiмся з платаю? – спытаў ён, не абарочваючыся, а толькi настаўляючы вуха туды, куды гаварыў, да маладзiцы, – што скажа яна.
– А сколькi ж бяруць цяперака за малацьбу?
– Два злоты i кiля солi.
Маладзiца насупiлася, пакусала край нiжняй губы i падняла голаў:
– Дарагавата, але хай, бо мышы даўно авёс стачылi.
Малады адсунуў мiску, выцер рукою губы i, седзячы за сталом, слухаў. Гаварыў толькi стары:
– А колькi ж коп нажалi?
– Чатырнаццаць.
– Ого!
– Нiчога, дзядзька, зiма з велькiм горам усё з’есць.
– Як, Iмполь, да каляд змалоцiм? – стары, задраўшы рэдзенькi чубок, глянуў на маладога, пацёр шорсткую, у вострым, як нацярушаным, шкле сiвых валаскоў няголеную шчаку. – Управiмся ж па капе за дзень. Шэсць пасадаў… У пасадзе дзесяць снапоў… А дзесяць снапоў што? За гадзiну не саб’ём?
– I больш, пэўня, – адкiдваючы з брыва навiслую кудзерку валасоў, малады падняўся з-за стала.
– Тады мо сходзiм у гумно? – стары азiрнуўся на маладзiцу i адсунуў заслон, каб таксама ўстаць.
Гумно стаяла ўпоперак пляца, вялiкае, з дзвюма палувенкамi паабапал дзвярэй. Хлеў i падпаветка, перасыпаныя са старога дзерава, былi ў адным пашарку з новаю хатаю. Мiж гумном i пашаркам хаты раслi старыя, тоўстыя ў камлях яблынi. Каля высокага, выплеценага з яловых частаколiн плота паднялiся недзе з непавысяканых карэнняў вострыя i голыя пасынкi маладых слiвак – вецер назмятаў туды белага курачага пер’я. Было чуваць, як з адчыненых дзвярэй хлява крычала, цi можа так гаварыла да скацiны, нямая. За хлявом, дзе стаяла сплеценая з саломы i не прыкрытая стрэшкай прыбiральня, у збузаваным гурочнiку куры дзяўблi гурок-насеннiк.
Пад дзвярыма каля гумна ў нацярушанай мякiне граблiся трапяткiя вераб’i. Прыпадаючы да зямлi i варушачы кончыкам хваста, да iх краўся сыты шары кот. Згледзеўшы яго, вераб’i купаю паднялiся на палувенку i адтуль ужо, рассыпаючыся, падалi на зялёна-лiловы, прыхоплены першымi замаразкамi бэз.
– Сядзiш тут, а мышы жыта стачылi, – маладзiца тупнула нагою на ката i, выняўшы з прабоя прывязаную на вяровачцы затычку, адчынiла абедзве палавiны дзвярэй.
Мужчыны зайшлi ў гумно.
– Мы як змалацiлi на насенне, то болей i не чапалi, – сказала маладзiца, прывальваючы каменем дзверы. – Старое ўсё яшчэ ямо.
– Ого! –