Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў страница 3
Мамін выпускны баль прыпаў на апошні мірны вечар, калі можна назваць мірам тое, што тады чынілася ў краіне. Даведаўшыся аб пачатку вайны, мама надзела на сябе ўсе свае тры сукенкі.
У Капысіцы стаяў гарнізон напалову зь немцаў, напалову зь фінаў. Маці прыгадвае, што параўнаўча зь фінамі, немцы выдавалі хоць і ворагамі, але не такімі страшнымі. Асабліва фольксдойчэ Паўль, які добра гаварыў па-расейску, папярэджваў вёску, калі будуць забіраць каровы або вывозіць моладзь у Нямеччыну, паведамляў, што трэба партызанам, і паказваў маёй маці пасьведчаньне сябра падпольнай антыфашыстоўскае арганізацыі. Таму, калі вечарамі акупанты, седзячы па хатах, пілі шнапс і сьпявалі пад гармонік свае песьні, Паўль не баяўся хадзіць на вячоркі і танцаваць з нашымі дзяўчатамі. Пэўна, дзякуючы яму ў Капысіцы дагэтуль памятаюць прыпеўкі на нямецка-беларускай трасянцы:
Варум ду гойтэ не прыйшоў? Іх цябе чакала.
Унд васэр зь неба паліла, Я дамоў адна пайшла.
Падчас вячорак зь лесу нярэдка прыходзілі партызаны. Яны таксама танцавалі, курылі з Паўлем на ганку ды частавалі яго самагонкаю. Аднойчы яны, няўдала робячы выгляд, што аніколі раней з Паўлем не сустракаліся, вывелі яго з хаты і проста за хлявом застрэлілі. Нейкі асабіст, на загад якога гэта рабілася, яўна запісаў раніцою ў зводку, што народнымі мсьціўцамі зьнішчаны яшчэ адзін захопнік.
Калі я ад’яжджаў пасьля школы з свайго Полацку паступаць на гістарычны факультэт Беларускага (адно па назьве) унівэрсытэту, маці, згадаўшы маладосьць, зь неўласьцівай ёй чульлівасьцю сказала:
– Матэматыкаў будуць зваць піфагорамі, а вас – герадотамі…
Па вайне яна, закрэсьліваючы ў падручніках імёны «ворагаў народу», галадаючы і мерзнучы ў інтэрнацкай стадоліне, дзе па двое на вузкіх салдацкіх ложках вальтом спалі тры дзясяткі дзяўчат, скончыла гістарычны факультэт пэдынстытуту. Яна ўсё жыцьцё выкладала ў школе гісторыю, магчыма, так ніколі й не задумаўшыся, што яна выкладае і што зрабілі з гэтаю навукаю нашы афіцыйныя герадоты.
Як вы заўважылі, аднаўляючы радавод, я не зьбіраюся маляваць грунтоўных партрэтаў. Я сьвядома ня лезу ў прыцемныя сьпіжарні памяці, а занатоўваю тое, што ня трэба ўзгадваць, бо яно памяталася заўсёды, увесь час было як бы ў зялёным коле сьвятла ад лямпы, што гарыць увечары на маім стале. Мне здаецца, менавіта ў россыпе такіх незабыўных драбніцаў ды фактаў і можна разгледзець чалавечую сутнасьць дзейных асобаў майго невялікага дасьледаваньня. Пры гэтым я цудоўна ўсьведамляю рызыку дарэшты скепсьціць дачыненьні з сваякамі, ужо і цяпер моцна сапсаваныя маімі