Хвілінка. Тры гісторыі. Ігар Бабкоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Хвілінка. Тры гісторыі - Ігар Бабкоў страница 3
Гэта пра яго пісаў Гесэ ў сваёй аповесці, хаця са зразумелых прычынаў ён абмінуў некаторыя падрабязнасці менскага перыяду.
Не ведаю, хто першы здагадаўся, што гэта той самы Леа, але потым веда перадавалася без слоў, паўуцямнымі намёкамі.
Мы збіралі ягоную біяграфію літаральна па кавалках, разумеючы, што гэты сціплы чалавек сам ніколі не раскажа пра сябе ўсяго. Яна, на жаль, так і не была нідзе запісаная, а ў маёй памяці засталіся толькі выбраныя эпізоды.
Некаторыя, праўда, лічылі, што біяграфія занадта маляўнічая і што вобраз Леа атрымаўся надта міфічны, амаль казачны.
Але кім яшчэ мог быць чалавек, які гатаваў найлепшую каву ў горадзе?
Калі я ўпершыню патрапіў у Хвілінку, я сутынуўся з дзіўным пачуццём невыпадковасці. Хаця само ўваходжанне адбылося надзвычай проста, амаль будзённа.
Я зайшоў у піцэрыю пад’есці. Звычайна я абмінаў такія ўстановы харчавання, але тут скончыў усе справы адразу пасля абеду, планаў на вечар яшчэ не было, і я падумаў: чаму б і не? Народу было надзіва многа, нягледзячы на тое, што абед скончыўся, усе стойкі ў піцэрыі былі занятыя. У пошуках вольных месцаў я ішоў усё далей і далей. Дайшоў да самага канца, стаў у невялічкую чаргу – два ці тры чалавекі – і тут раптам зразумеў, што ўсё змянілася. Я агледзеўся.
Пахла да ачмурэння кавай, а людзі, што стаялі за столікамі, паводзілі сябе па-іншаму. Альбо нават былі іншымі.
Яны відавочна нікуды не спяшаліся. Яны стаялі за стойкамі і пілі каву. Стаялі моўчкі альбо размаўлялі міжсобку. Часам спрачаліся, альбо запісвалі штосьці ў нататніках. Некаторыя нават чыталі кнігі, седзячы на шырокім падвоканні.
Яны рабілі самыя звычайныя рэчы. Але рабілі ўсё гэта так, як быццам у гэтым быў нейкі важны сэнс. Як быццам толькі тут, за кубачкам кавы, можна было бачыць рэчы па-сапраўднаму.
Дзіўная кавярня, падумаў я тады.
Але паверыў у яе не адразу.
Я ўжо другі год блукаў па Менску ў пошуках месца, дзе можна было б затрымацца, дзе было б не так балюча жыць. Я праплываў праз горад, як здань, мяняў інтэрнаты і пакойчыкі, у некаторых я заставаўся даўжэй, з іншых з’язджаў праз пару месяцаў.
Я тады пачынаў пісаць, уласна нават і не пісаць, а толькі прымервацца, прыглядацца да іншых жыццяў, шукаючы ў іх штосьці, дзеля чаго варта было б марнаваць паперу, падвойваць рэальнасць…
І тут гэтая кавярня.
Я пачаў сюды прыходзіць.
І ўжо праз некаторы час пазнаваў большасць сталых наведвальнікаў, замаўляў падвойную, калі ласка, а часам і дзве падвойныя.
Мае схільнасці да падглядання чужых жыццяў разгарнуліся тут напоўніцу: я шмат што зразумеў і шмат чаму навучыўся, проста прыслухоўваючыся да размоваў за суседнімі стойкамі.
Некаторыя размоўцы надараліся толькі