Хвілінка. Тры гісторыі. Ігар Бабкоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Хвілінка. Тры гісторыі - Ігар Бабкоў страница 7
Рэшта проста засталася ў памяці, невядомымі на старых фотаздымках, вобразамі з маіх сноў.
Потым у розных гарадах я бачыў розныя кавярні: яны, як і людзі, розніліся, і не толькі выглядам.
Я піў каву ў Варшаве і Вільні, Берліне і Парыжы, Празе і Львове. Нават у Лондане і Будапешце.
Кавярні былі сапраўды апрычоныя. Я патрапляў у іх у розныя эпохі, у розных настроях. Пра некаторыя я пісаў у сваіх кнігах, рассаджваў за іх столікамі сваіх герояў.
Некаторых даўно ўжо няма, іншыя змянілі назвы.
Я прыгадваю іх тут з удзячнасцю, як старых сяброў.
Невялічкую кавярню ў старым парку, у горадзе майго дзяцінства.
Я патрапіў туды ўсяго адзін раз, у ранняй маладосці. Кава была кепская, але ўсё астатняе складвалася так, як трэба, і я штосьці зразумеў за тыя паўгадзіны, калі сядзеў за столікам, і потым амаль палову жыцця імкнуўся туды вярнуцца. Не ў кавярню, не, яе ўжо вельмі-вельмі даўно няма ў нашай рэальнасці. Вярнуцца ў мінулае, ва ўспамін, у эмоцыю.
Альбо варшаўскую тэатральную, што месцілася ў холе гарадскога драматычнага, і дзе ўсё было зроблена са старога тэатральнага рэквізіту. Там усё было вытанчана-арыстакратычна і ў той жа час проста, амаль па-хатняму, яна давала прытулак пасля бадзянняў па горадзе, альбо падчас апошніх – заўсёды самых цяжкіх – гадзінаў у чаканні цягніка на радзіму. Гэты прытулак у Варшаве, якая заўсёды кудысьці спяшаецца, і ў якой ніколі няма для цябе месца, быў сапраўды важны, і я дасюль ёй удзячны.
Шараговае парыжскае Брасэры кельцік, што месцілася па дарозе з вуліцы Гравёраў, дзе я жыў у маленькай кватэрцы з двума мастакамі і адкуль выходзіў блукаць па горадзе амаль з самага ранку. Адзінае, што я абмінаў, – гэта бібліятэкі і музеі, я тады чытаў сам горад, адмерваў кіламетры сэнсаў па левым і правым беразе Сены, па вулках, па якіх блукалі Алівейра і Мага… Я тады нарэшце дабраўся да легендарных кавярняў, дзе калісьці сядзелі іншыя героі, легенды маёй маладосці.
Кавярні былі нерэальна дарагія, я пахадзіў крыху вакол і раптам зразумеў, што яны даўно ўжо не даюць прытулак, а гандлююць успамінамі, і што калі я зайду папіць кавы, я абавязкова ўбачу якую-небудзь шыльдачку: на гэтым месцы сядзеў Жан-Поль Сартр, а на гэтым… Калісьці я марыў пра парыжскія кавярні, прачытаўшы Хемінгуэя, і цяпер падумаў, што тады ён не купляў успаміны, а проста шукаў зручнае і недарагое месца, дзе можна было б працаваць, і я вярнуўся ў Брасэры кельцік, і сапраўды адчуў гэтае месца сваім, і напісаў там некаторыя важныя для сябе старонкі.
Быў яшчэ і віленскі закуток Свежай кавы на Гедыміна, на трэцім паверсе, за маленькай кнігарняй. Кава там была неверагодна смачная – толькі трэба было замаўляць не эспрэса альбо амерыкана, а проста каву, jouda kava, і тады здараўся цуд.
Былі і шмат якія іншыя месцы, якія давалі прытулак і якія засталіся ў памяці.
Але тады, калі ўсё заблытваецца, і я не знаходжу канцоў, нітак, трымаючыся за якія можна выбрацца на паверхню, калі жыццё становіцца нясцерпным