Хвілінка. Тры гісторыі. Ігар Бабкоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Хвілінка. Тры гісторыі - Ігар Бабкоў страница 8
Адзінае, што было побач са мной – восеньскае лісце, якое ляжала – шчаслівае – у алеях абляцелага Парку і марыла пра вецер.
І я адчуў гэты настрой і блукаў доўга і шчасліва, шаргатаў апалай лістотай, без аніякай мэты, а потым пацягнуўся ў Хвілінку, каб сагрэцца і каб адзначыць нашае супольнае свята.
І тут я зразумеў, што я не адзіны, хто пра гэта ведае.
Францішак стаяў за стойкай, глядзеў праз вакно і таксама быў шчаслівы.
Чаму я вылучыў яго тады сярод астатніх?
Не толькі таму, што ён відавочна быў саўдзельнікам.
Калі я першы раз пабачыў, як ён глядзіць праз шкло ў той, іншы, заваконны свет, я чамусьці падумаў – вось герой, які так і не выйдзе на сцэну эпохі.
Я падумаў гэта амаль выпадкова, зусім не маючы на ўвазе канкрэтнага чалавека, які стаяў перада мной. Хутчэй саму ідэю, агульны гештальт, які я прыберагаў для героя свайго рамана.
Так, я тады цвёрда вырашыў напісаць раман, і мне тэрмінова патрабаваліся персанажы. І не проста персанажы, а мае персанажы, постаці, якія возьмуць удзел менавіта ў маёй гісторыі.
Больш за тое, мне быў патрэбны галоўны герой.
Вядома, яго можна было проста прыдумаць.
Але я ўжо тады зразумеў адну важную рэч: калі ты пачынаеш пісаць, першы крок мусіць быць адсюль, з гэтай рэальнасці.
Потым ты можаш рабіць што заўгодна – змяняць імёны і абставіны, уяўляць іншыя твары, прапаноўваць ім іншыя маскі.
Але зачэпка мусіць быць. Інакш усё завісне ў пустоце, персанажы так і не павераць у сваё ўласнае існаванне, так і не пачнуць жыць і дыхаць на старонках.
Будуць разгублена блукаць у паўцемры, як у раманах Селіна альбо Бекета.
Трэба сказаць, напачатку я шукаў людзей, моцна ўфундаваных у жыцці. Мне здавалася, што гэта яны, моцныя, рассоўваюць жыццёвыя абставіны, як тэатральную запавесу, і выходзяць на сцэну.
Гавораць важныя рэчы. Паказваюць прыклад. Вядуць за сабой.
Потым я стаў больш недаверлівы. Не тое, каб я стаміўся ад пошукаў, зусім не.
Мне проста падалося, што сапраўдныя героі – хутчэй, хаваюцца ад эпохі. Я быў захоплены Полем Валеры і раз-пораз паўтараў самому сабе: глупства – не самы моцны мой бок.
Я ўжо тады адчуваў лёгкую агіду да дэкарацыяў тагачаснага спектаклю. Не кажучы пра сюжэты.
Сцэна была запоўненая аж занадта, яна ўжо больш не прымала ніякіх іншых.
На ёй маршыравалі піянеры ў гальштуках і белых кашульках, камсамольцы вечна штосьці будавалі, а пасведчанне станоўчага персанажа выдавалі толькі ў парткаме. І хаця жыццё ўсё адно брала сваё, там было неяк цеснавата.
Не, па-свойму яна, сцэна, была нават утульнай.
Яна ўжо не была крыважэрнай, асабліва калі не імкнуцца да краю і не думаць пра гару трупаў у першым акце.
Але калі я заходзіў у кнігарню і пачынаў