Праклён. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклён - Валеры Гапееў страница 34
А Генадзь адчуваў сябе… шчаслівым. Можа, тое і не было шчасцем, але якое яно, шчасце, калі ты вось толькі цяпер, першы раз у сваім жыцці нешта робіш таму, што менавіта табе трэба? Гэта было неверагодным пачуццём: яно поўніла і п’яніла, Генадзь быў шчасліва-ўзбуджаны і ўвесь падабраны, справавіты. Менавіта з такім настроем і пачынаюць вялікія, значныя справы, думаў ён пра сябе, пра свой стан. Колькі ён пражыў, а ніколі нічога не рабіў адмыслова для сябе. Ён плыў з вадою? Так, ён плыў, вада несла яго, але ён сам падграбаў пакрысе да зручнага яму берага, сам ціхенька адпіхваў тое смецце і трэскі, што несла вада, ашчаджаў сябе ад чужых эмоцыяў, непатрэбных знаёмстваў, неабавязковых сустрэч. Не выходзіла адштурхнуць нешта – ён прытарможваў, каб плынь панесла далей той чужы яму вэрхал турбот і неспакою.
І ён слушна рабіў! Слушна, бо не было яму знака, яго і не магло быць, бо ён не ведаў тады пра знак. Каб быў знак, каб прыйшоў ягоны час – ён бы ўспомніў раней бабулю… Але цяпер прыйшоў час. Праз два месяцы ён скончыць універсітэт, ён – цалкам забяспечаны, ён – на старце. І менавіта цяпер бабуля адтуль падказвае: пара.
Пяць гадзін дарогі не змаглі ні стаміць Генадзя, ні патушыць ранішняга ўзбуджэння. Маці чакала яго ля дома: нечакана маленькая ростам, адзетая па-простаму, па-вясковаму, сівая зусім. У выцвілай лёгкай хусцінцы, завязанай ззаду, за вушамі, яна была непрыгожай і чужой.
Маці памкнулася насустрач, Генадзь патрываў, даў ёй сябе абняць і дакрануцца сухім вуснам да сваёй шчакі.
– Хадзем, сыночак, пакармлю, полудзень гатовы, я чакала-чакала, усё выходзіла глядзець… бабуля зусім слабая, ляжыць, ужо і не памятае амаль нічога, не гаворыць. Памрэ зараз… А як у цябе справы, сыночак? Як з дыпломам? Ці стае грошай? Я тут яшчэ зберла, што ж, нічога не купляем… От каб мама яшчэ два тыдні працягнула, была б яшчэ адна пенсія, дай Божа, атрымаем. Пенсія ж вялікая… Што пенсія ў бабулі Наталлі была вялікая, Генадзь ведаў. Дзяўчынай яна была ў партызанскім атрадзе, прызналі ветэранам…
Да бабулі Генадзь не пайшоў – не хацелася псаваць сабе настрою выглядам старой хворай жанчыны.
– Я заеду, як буду назад ехаць… Можа, ёй лепей стане, каб хоць павітацца, – апраўдаўся ён.
– А куды ты цяпер? – насцярожылася маці. – Сказаў, прыедзеш, а што за справа – не сказаў…
– Такая справа… Дзе тая вёска, у якой я малым жыў у бацькі? Дзе тая баба жыла – баба Дунька?
Маці збялела.
– Адкуль ты ведаеш, як яе… звалі? Я ж не казала табе?
– Значыцца, ведаю, – шматзначна адказаў Генадзь. – Я шмат чаго ведаю… цяпер. Што ты ад мяне хавала. Ды добра, хавала – твая справа. Дык дзе вёска, дзе дом?
Ён спытаў такім тонам, што было зразумела: