Праклён. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклён - Валеры Гапееў страница 35
У ёй, даволі прасторнай і пуставатай, было дзве прадаўніцы. Адна маладзейшая, з вялізнымі клубамі стаяла ля прылаўка з боку пакупнікоў, адставіўшы на ўваход шырачэзны азадак. Войкнула на рыпенне дзвярэй, выпрасталася, абцягнула халат на вялікіх, дзябёлых грудзях.
Другая ўсміхнулася – не Генадзю, сама сабе, і, як падалося Генадзю, помсліва. Дзіўна, але ў гэтай жанчыны, гадоў сарака, быў чысты, загарэлы і прыемны твар, з акуратнымі формамі рота і носа, інтэлігентная пастава і мяккі, спакойны голас. Ёй бы болей пасавала быць якой настаўніцай, а не падаваць мужыкам пляшкі чарніла – вунь яго колькі на прылаўку…
Генадзь папрасіў пляшку мінералкі, расплаціўся, спытаў:
– Да Рубанага дарогаю можна даехаць?
– Да Рубанага? – не стала хаваць здзіўлення жанчына. – Там жа гадоў дзесяць ніхто не жыве… Хат пяць засталося, рэшту пазабіралі. Зарасло ўсё…. Але выбачайце, калі вам трэба – даедзеце. Дажджоў не было, дарога добрая.
Генадзь не часта быў у розных вёсках, хіба што ў бабулі па маці, ды яшчэ праязджаў міма на машыне. Можа, таму тое, што ён пабачыў, змусіла яго вымкнуць музыку ў салоне.
Тут нельга было гаварыць гучна. Тут нельга было гаварыць наагул. Бо тут жыла смерць.
Перш падалося, што проста пачаўся нейкі лясок, з самотнымі высачэзнымі дрэвамі ды густым хмызняком. Але раптам у прагале між дзвюма вялізнымі ліпамі Генадзь пабачыў шэрую сцяну будынка з круглых бярвёнаў. Квадраты чорных дзірак без аконных пераплётаў. Кроквы, як косткі, замест даху, а разам усё – як аб’едзены труп нейкай пачварыны.
Генадзь прытармазіў, выйшаў з машыны. Разгледзеўся. Як выявілася, ён ужо колькі часу едзе вясковай вуліцай. Так, вуліца: шырокая некалі, якую станавілі два шэрагі хат абапал.
Дарога ледзь адгадвалася далей – па тым, што ў колішніх каляінах трава была ніжэй.
Буяла зеляніца. Высокія дрэвы, што раней стаялі ля платоў і веснічак, цяпер былі аточаныя маладняком. Суцэльнай ружова-зялёнай сцяной убаку ад Генадзя цвіў бэз, затуляў сабой яшчэ адну хатку, а дакладней тое, што ад яе засталося.
Генадзь завёў машыну і асцярожна праехаў наперад, звярнуўшы галаву ў левы бок: так казала маці, апошняя хата па левым баку…
Апошняя. Далей ужо хмызы і сапраўдны лес вольхаў і асін.
Скінуў туфлі і абуў красоўкі. Накінуў куртку.
Дах праваліўся пасярэдзіне, адна сцяна выпнулася вонкі. Генадзь стаяў перад хатай і не мог паверыць, што тут маглі жыць людзі.
На гэтых могілках чалавечага жытла стала такой відавочнай уся марнасць чалавечага жыцця і няўхільнасць канца. Усё вядзе да смерці. Вось тут некалі было жыццё. Тут былі пачуцці і эмоцыі, тут гучалі галасы, тут спрачаліся і, можа, любіліся. Сварыліся, цешыліся, пакутавалі, гаравалі, галадалі, скакалі, нараджалі. І паміралі.
І ўрэшце – памерла ўсё і ўсе.
Вакол быў суцэльны зараснік: язмін пераплёўся