Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 17
Швейк расказаў, што аднойчы нейкі анархіст купіў у яго ў растэрміноўку за сто крон леанберга, але да гэтага часу не аддаў апошняга ўзносу.
За шостай чвэрткай Брэтшнайдэр выступіў за рэвалюцыю і супраць мабілізацыі, на што Швейк, нахіліўшыся да яго, шапнуў на вуха:
– Толькі што ўвайшоў нейкі наведнік. Калі ён пачуе вас, могуць быць непрыемнасці. Бачыце, шынкарка ўжо плача.
Пані Паліўцава, сапраўды, плакала на сваім крэсле за стойкай.
– Чаго вы плачаце, пані шынкарка? – спытаў Брэтшнайдэр. – Праз тры месяцы мы пераможам, будзе амністыя, ваш муж вернецца, і мы яшчэ наладзім у вас хвацкую пагулянку! А, можа, вы лічыце, што мы не пераможам? – звярнуўся ён да Швейка.
– Навошта перажоўваць адно і тое ж? – сказаў Швейк. – Павінны перамагчы – і баста! А мне ўжо трэба збірацца дадому.
Швейк расплаціўся і вярнуўся да сваёй старой служанкі пані Мюлер, якая вельмі спалохалася, убачыўшы, што мужчына, які адмыкае ключом дзверы ў хату, не хто іншы, як Швейк.
– А я, васпан, думала, што вы вернецеся толькі праз некалькі гадоў, – сказала яна са звыклай шчырасцю. – I я тут… з літасці… узяла ў жыльцы аднаго швейцара з начной кавярні, бо ў нас тут тройчы быў вобыск, і, калі нічога не знайшлі, сказалі, што вы прапалі, бо вы несусветны злачынца.
Швейк хутка пераканаўся, што незнаёмец уладкаваўся з усімі выгодамі: спаў на яго ложку і быў нават настолькі ўважлівы і ветлівы, што задаволіўся толькі паловай, а другую саступаў нейкаму даўгавалосаму стварэнню, якое з удзячнасці спала, абняўшы яго за шыю. На падлозе вакол ложка валяліся ўперамешку часткі мужчынскага і жаночага гардэроба. Па гэтым хаосе было відаць, што швейцар з начной кавярні вярнуўся ўчора са сваёй дамай у надта вясёлым настроі.
– Пане, – гаварыў Швейк, трасучы няпрошанага чужаніцу, – як бы вы не спазніліся на абед. Мне будзе надта непрыемна, калі вы потым скажаце, што я вас выкінуў у такі час, калі ўжо нідзе не здабудзеш нічога на абед.
Швейцар так разаспаўся, што мінула нямала часу, пакуль ён не асэнсаваў, што вярнуўся дадому ўласнік ложка і выстаўляе свае правы на яго.
Паводле звычкі ўсіх швейцараў начных кавярань, і гэты выказаўся ў тым сэнсе, што аддубасіць кожнага, хто паспрабуе яго будзіць, і намерыўся спаць далей.
Тым часам Швейк сабраў часткі яго гардэроба, прынёс іх да ложка і, энергічна патрапаўшы швейцара, сказаў:
– Калі вы не адзенецеся, дык я паспрабую выкінуць вас на вуліцу так, як вы ёсць. Для вас гэта будзе вялікай выгодай вылецець адсюль апранутым.
– Я збіраўся спаць да васьмі вечара, – пралепятаў азадачаны швейцар, нацягваючы штаны. – Я плачу гаспадыні за ложак па дзве кроны ў дзень і магу вадзіць паненак з кавярні. Маржанка, уставай!
Прыладжваючы каўнерык і завязваючы галыптук, ён ужо настолькі ачомаўся, што пачаў запэўніваць Швейка, нібыта начная кавярня «Мімоза»