Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Васіль Герасімчык
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык страница 10
Моладзь Беларусі і Літвы ў дадатак да твораў Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, У. Сыракомлі чытае забароненыя ананімныя вершаваныя сачыненні на беларускай мове, такія як “Энеіда навыварат”. Папулярнымі становяцца фальклорныя творы, якія перакладаюцца таксама на польскую мову, выступаюць прыкладам для аўтарскіх прац, як паэма “Марына” або аповесць “Нечаканы госць” Аляксандра Грозы (1807–1875), выдаўца альманаха “Rusałka”. У іх прысутнічае моцны антыпрыгонніцкі пасыл, аб чым сведчылі папулярныя для свайго часу вершы і эпіграмы былога выкладчыка лацінскай мовы Мінскай гімназіі, які страціў зрок, Ігната Легатовіча (1796–1867). Адзін з іх быў прысвечаны памерламу Леану Оштарпу, маршалку Мінскай губерні, які вылучаўся жорсткім стаўленнем да прыгонных сялян:
“Са смерцю Оштарпа
Усё інакшым стане:
Панове кінуць піць,
Пачнуць есці сяляне”.[109]
Аднак магістральнай ідэяй сярод моладзі, у тым ліку вучняў Свіслацкай гімназіі, усё ж выступала не думка пра адмену прыгоннага права, а аднаўленне колішняй Рэчы Паспалітай. Канстанцін Каліноўскі наўрад ці ў гэтым плане моцна адрозніваўся ад сваіх сучаснікаў. Але яго з агульнай масы вылучалі ўласны досвед знаёмства з сялянскім жыццём, дасканалае веданне беларускай мовы і паходжанне “сына ткача”, што магло выступаць падставаю для зараджэння тых ідэй, якія пазней знайшлі адлюстраванне ў яго дзейнасці.
Пасля набыцця Сымонам Каліноўскім маёнтка Якушоўка яго пасталеўшы сын Канстанцін сутыкнуўся і з агіднасцю прыгонніцкай сістэмы, якая заставалася па-за яго дзіцячай увагай у Мастаўлянах. Адмоўнае стаўленне да яе яшчэ больш узмацнілася падчас навучання ў гімназіі, дзякуючы ўплыву брата Віктара, чытанню нелегальнай літаратуры і абмеркаванням на таемных сходах гімназістаў. Аднак нішто не магло паўплываць на свядомасць падлетка так істотна, як трохгадовы перыяд (1852–1855), напрацягу якога ён вымушаны быў дапамагаць у сямейным кіраванні маёнткам.
Глава 3. Студэнцкія гады
Віктар Каліноўскі ў Маскве
Віктар
107
Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 31.
108
Хаўстовіч, М.В. Гісторыя беларускай літаратуры 30–40-х гг. ХХ ст. / М.В. Хаўстовіч – Мн.: БДУ, 2001. – С. 8.
109
Хаўстовіч, М.В. Гісторыя беларускай літаратуры 30–40-х гг. ХХ ст. / М.В. Хаўстовіч – Мн.: БДУ, 2001. – С. 50.