Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Васіль Герасімчык
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык страница 8
Менавіта ў Свіслацкай гімназіі, якая мела даўнія традыцыі яшчэ з часоў Адукацыйнай камісіі ВКЛ, з 1847/1848 па 1851/1852 навучальныя гады вучыўся Канстанцін Каліноўскі. У час паступлення ў гімназію Канстанціна яго брат Віктар вучыўся ўжо ў ІV класе і актыўна цікавіўся не толькі гісторыяй, але і палітыкай. Малодшы брат цягнуўся за старэйшым і паступова засвойваў тыя новыя ідэі, якімі было напоўнена паветра ў калідорах гімназіі ды на закрытых сустрэчах гімназістаў.
Моладзь цікавілі далёка не тыя погляды, якія прапаведаваліся ў часопісе “Rubon” віцебскага шляхціча Казіміра Буйніцкага з яго богабаязнасцю, патрыярхальнай прастатой, павагай да законаў і мясцовых улад, або “Athеnаеum” Юзафа Крашэўскага з яго імкненнем да распаўсюджвання каталіцызму як панацэі ад усіх бед.
Моладзь рыхтавалася выступіць з пачаткам агульнаеўрапейскай рэвалюцыі, жыла нацыянальна-рамантычнымі і ліберальнымі ідэямі, увасобленымі, з аднаго боку, у “польскім месіянізме” Адама Міцкевіча, з другога – у ідэях кіраўніка “Дэмакратычнага таварыства” Франца Савіча з яго “свабоднымі павінны быць усе”.[96]
Канец 1840-х гадоў – перыяд чарговага распаўсюджання таемных арганізацый, якія звярталіся як да прыкладу мясцовых філаматаў і філарэтаў (сярод іх былі і выпускнікі Свіслацкай гімназіі), так і да італьянскіх карбанарыяў, якія імкнуліся шляхам усеагульнай рэвалюцыі стварыць універсальную дэмакратычную рэспубліку. Сваім уплывам і значэннем вылучаліся заснаваны ў Вільні братамі Францішкам і Аляксандрам Далеўскімі “Братні саюз літоўскай моладзі” (1846–1849) і Мінскі тайны гурток (1848–1849), які знаходзіўся пад уплывам ідэй пецярбургскага студэнта, “апостала містычна-патрыятычнага руху” Зыгмунта Серакоўскага. Да таварыства належалі будучыя актыўныя дзеячы паўстання 1863–1864 гадоў Уладзіслаў Барзабагаты і Іасафат Агрызка, якія верылі ў магчымасць утаймавання варварскіх інстынктаў народу ўласным прыкладам і мелі дэвізам французскі выраз “Любоў у якасці прынцыпу, парадак у якасці асновы, прагрэс у якасці мэты”.[97]
Адсюль ішлі вытокі тых ідэй, якія былі распаўсюджаны сярод вучняў Свіслацкай гімназіі – адраджэнне колішняй Рэчы Паспалітай і неабходнасць адмены прыгоннага права. Таму кумірамі моладзі з’яўляліся павешаны ў 1833 годзе ў Гродне Міхаіл Валовіч і расстраляны ў 1839 годзе ў Вільні Шымон Канарскі, якія марылі пра адмену прыгону і вызваленне сялянства. Гэтае пытанне набыло новае гучанне ў асяродку шляхецкай моладзі пасля “Галіцыйскай разні” 1846 года, якая, згодна Якубу Гейштару, аказала “моцны ўплыў на наша ўсведамленне – настрой быў… дэмакратычны, калі не анархічны”.
94
Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 30.
95
Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич. – Мн.: Университетское, 1988. – С. 60.
96
Смірноў, А. Франц Савіч. З гісторыі беларуска-польскіх рэвалюцыйных сувязей 30–40-х гадоў ХІХ стагоддзя / А. Смірноў. – Мінск, 1961. – С. 14.
97
Pamęci Józefata Ohryzki // Biblioteka Warszawska. – Warszawa, 1907. – T. 2. – S. 225.