Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Васіль Герасімчык

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык страница 9

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык

Скачать книгу

якасць адукацыі ў гімназіі панізілася. Калі да часу паўстання 1830–1831 гадоў у Свіслацкай гімназіі выкладалі адныя з лепшых ва ўсім краі настаўнікаў (як, да прыкладу, браты Леон і Ігнацій Бароўскія), пасля адкрыцця гімназіі ў Гродна статус Свіслацкай вучэльні панізіўся да ардынарнай павятовай у лістападзе 1835 года. Мікалаеўская эпоха характарызавалася наступам на адукацыю. У Свіслачы такія прадметы, як філасофія, права, палітычная эканомія былі заменены “страявым уставам пяхотнай службы, ротнага і батальённага вучэння”, была ўведзена салдацка-казарменная дысцыпліна.

      Прымяняліся фізічныя пакаранні ў выглядзе ўдараў розгамі, папулярным было так званае “даць лапу” – удары па далоні драўлянай лінейкай.[101] У выпадку сур’ёзных парушэнняў даходзіла да здачы вучняў у салдаты.

      Моладзь Свіслацкай гімназіі, якая адчувала моцную духоўную повязь з папярэднімі пакаленнямі навучэнцаў гэтай слыннай установы, базавай для закрытага ў 1832 годзе Віленскага ўніверсітэта, задавалася пытаннем наконт далейшага лёсу Бацькаўшчыны. Кіраўніцтва Гродзенскай губерні гэта добра разумела, таму не дзіўна, што 2 студзеня 1845 года з’явіўся загад аб пераводзе павятовай гімназіі ў горад Шаўлі Ковенскай губерні. Але рэвалюцыйная сітуацыя 1846–1848 гадоў адклала гэты крок да 1 верасня 1851 года, калі гімназія была ператворана ў пяцікласнае павятовае вучылішча. Таму навучэнцы старэйшых класаў вымушаны былі шукаць працягу навучання ў іншых месцах. Так здарылася і ў выпадку Віктара Каліноўскага, які пакінуў у Свіслачы свайго брата Канстанціна і перайшоў у Гродзенскую губернскую гімназію. Тут ён вучыўся ў сёмым класе з 16 жніўня 1851 года па 20 чэрвеня 1852 года і нарэшце 23 чэрвеня атрымаў атэстат.[102] Гэты дакумент дае нам уяўленне пра прадметы, па якіх атрымлівалі веды браты Каліноўскія: расійская, лацінская, нямецкая і французская мовы, руская славеснасць, Закон Божы і Свяшчэнная гісторыя, а таксама геаграфія, фізіка, чарчэнне і маляванне.

      Па ўсіх прадметах Віктар Каліноўскі меў адзнаку “добра”,[103] і таму пакінуў гімназію з правамі і перавагамі, якія даюцца вучням, што скончылі поўны гімназічны курс, але без праў на чын ХIV класа.

      Канстанцін Каліноўскі ў выніку змены статусу ўстановы адукацыі ў Свіслачы скончыў у 1852 годзе пяцікласнае павятовае вучылішча, узровень якога значна саступаў сямікласнай гімназіі. Для паступлення ва ўніверсітэт неабходна была дадатковая падрыхтоўка.

      А былую Свіслацкую гімназію чакаў лёс прагімназіі, зачыненай у 1864 годзе за ўдзел яе навучэнцаў у паўстанні. З 1875 года тут размяшчалася семінарыя, дзе рыхтавалі настаўнікаў для царскіх пачатковых школ – народных вучылішчаў.[104] Са сцен гэтай, здавалася б, прасякнутай манархічным духам установы выйшлі дзясяткі актыўных беларускіх дзеячаў міжваеннай пары: Іосіф Баліцкі, Аляксандр Грыкоўскі, Мікола Дзямідаў, які лічыў сябе сваяком Канстанціна Каліноўскага, Стафан Жабінскі, Макар Касцевіч (Макар Краўцоў), Аляксандр Коўш і многія іншыя.

Скачать книгу


<p>101</p>

Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич. – Мн.: Университетское, 1988. – С. 63.

<p>102</p>

Кісялёў, Г. Новае пра Кастуся Каліноўскага / Г. Кісялёў // Полымя. – № 7. – ліпень 1959. – С. 146.

<p>103</p>

Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. – С. 119.

<p>104</p>

Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI. – Warszawa, 1890. – S. 720.