Акно ў замежжа (зборнік). Зоя Доля
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля страница 10
Віктор з’ехаў. У кватэры царавала нязвыклая для суботы цішыня. Звычайна выходным днём Вера пякла бліны, грымела рондалямі і патэльняй на кухні. Гэтым разам блінцамі Віктора накормяць у бацькоўскім доме. Дачка Насця гуляла з сяброўкамі на вуліцы. Вера расчыніла шафу. У кутку, прыціснутая Вікторавым пінжаком, вісела недашытая замова. Вера адсунула пінжак і сумна агледзела васільковую сукенку. На ліфе шпількай быў прымацаваны крой каўняра з белымі ніцянымі рыскамі фастрыгоўкі, неадпрасаваныя бакавыя швы сукенкі загіналіся ў сярэдзіну. Шыць зусім не хацелася. У нейкай кнізе, у якой Вера і сама не памятала, яна напаткала выказванне старой графіні, якая цярпець не магла, каб пры ёй шылі. Графіня сказала: «Шыць могуць толькі зняволеныя пад прымусам». Графіня мела рацыю. Сёння Веры зусім не было жадання шыць, сядзець у чатырох сценах і карпець з напарсткам над васільковым шоўкам. Сонечны дзень за акном выманьваў на вуліцу пашпацыраваць у парку, паназіраць, як абуджаецца прырода… «І чаму я не графіня?» – ўздыхнула Вера і зняла сукенку з плечыкаў – трэба брацца за працу, настырная кліентка прыспешвала з замовай. Рэзка шаргануўшы вешалкай, яна адправіла пінжак на старое месца. З-пад навісаючага адзення з нетраў шафы выцягнула перанасную ў чамаданчыку фірмовую швейную машынку «Зінгер» і павольна прычыніла дзверы. Машынку прыладзіла на пісьмовым стале, мінула некалькі хвілін і яна застракатала прыглушаным мяккім гукам. З-пад лапкі беглі адстрочаныя сукеначныя швы. Скончыўшы строчку, Вера выцягвала непатрэбныя цяпер ніткі фастрыгоўкі і кідала іх на падлогу. На канапе раскіданы крой рукавоў і дробных фальбон вахлаціўся сыпучымі краямі, чакаў свайго часу.
Апоўдні ў дзверы пазванілі. Вера ўзнялася з-за машынкі, прыхінула руку да паясніцы, выгнуўшыся назад, размяла зацёкшую спіну і паплялася да дзвярэй. Зірнула ў дзвярное вочка. Перад вочкам намаляваўся твар Віктора.
– Х-м-м, нешта рана вярнуўся, – здзіўлена прамармытала Вера, шчоўкнула дзвярным замком і, падпіхнуўшы рукой, расчыніла дзверы. – Віктор, я думала, ты з’явішся бліжэй да вечара, што здарылася? – заклапочана спытала яна.
– Мама, праходзь, – прамовіў Віктор, адступіў пару крокаў назад, і перад ім, прыплыўшы аднекуль збоку, узнікла невялікая жанчына-кадушка з падвоеным падбародкам і дробнай хімзавіўкай на валасах. – Пазнаёмся, Вера, – гэта мая мама, Валянціна Іванаўна, – роблена ўрачыста адрэкамендаваў Віктор.
– Вельмі прыемна, праходзьце, калі ласка, – павялічана ветліва мямліла, сустракаючы неспадзяваную госцю, Вера.
«Гад, мог бы папярэдзіць… я хоць бы падрыхтавалася… не, я калі-небудзь заеду яму патэльняй!» – віравала ў Верынай душы патаемнае абурэнне, перамешанае з разгубленасцю ад нечаканай сустрэчы з магчымай свякроўкай.
Кадушка не сказала,