Бітва пад Оршай 1514 года. Пётр Друждж
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бітва пад Оршай 1514 года - Пётр Друждж страница 14
Як бачна, гэтыя пастановы разыходзіліся з дамовай 1492 г. Былі абыдзены маўчаннем узаемныя дзеянні супраць туркаў. Такім чынам, агульная акцыя ягелонскіх дзяржаў не бралася пад увагу. Акрамя таго, сабраныя падаткі на вайсковыя патрэбы аказаліся недастаковымі. З-за гэтых прыкрых няўдач Яну Ольбрахту нічога іншага не заставалася, як шукаць з туркамі па меншай меры перамір’я. Яно было заключана 28 чэрвеня 1494 г. Зрэшты, самі туркі прапаноўвалі падпісаць яго яшчэ годам раней.
Ян Ольбрахт, зразумела, не адмовіўся ад барацьбы з Асманскай імперыяй. Пачатак 1497 г. працякаў пад знакам ваенных і фінансавых прыгатаванняў да выправы. Планавалася здзейсніць яе адразу пасля сканчэння перамір’я. Кампанія распачалася ў жніўні 1497 г. З ваеннага пункту гледжання яна была значным мерапрыемствам. Дастаткова сказаць, што ў войска было сабрана 80 тысяч жаўнераў і 30 тысяч падвод. Апрача паспалітага рушэння, удалося сфарміраваць немалы найманы кантынгент, а таксама прыцягнуць дапаможныя сілы з Мазовіі і ад крыжакоў. На жаль, няўдачай адразу абярнуліся палітыка-дыпламатычныя дзеянні. Нягледзячы на шматразовыя захады, Яну Ольбрахту не ўдалося схіліць да ўдзелу ў выправе свайго брата Уладзіслава, караля Чэхіі і Венгрыі. У апошнюю хвіліну палякі зноў звярнуліся да Венгрыі і яе караля з просьбай аб падтрымцы. Кароль, аднак, у гэты час знаходзіўся ў Чэхіі, а ўладу ў Венгрыі пакінуў нядобразычліваму ў дачыненні да Польшчы, і ў асаблівасці – Яна Ольбрахта, Іштвану Запольяі. Адказ быў адмоўны. Венгерскі бок спасылаўся на існуючы мір з Турцыяй. У Польшы разлічвалі таксама на дапамогу іншага брата караля – Аляксандра. Вялікі князь літоўскі быў зацікаўлены ў наступе на туркаў. Гэта магло аслабіць крымскіх татар, саюзнікаў Масквы. Аляксандр вырушыў на чале войска,