Ён прыходзіў з дажджом (зборнік). Коллектив авторов

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов страница 15

Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов Калекцыя «ПрайдзіСвет»

Скачать книгу

Ён не мог трываць напамінаў пра сваю старую прыхільнасць – партрэтаў, гісторый і нават асацыяцый. Не вытрываў і арганізацыі вялікага публічнага пахавання. Яго цягнула прэч. Ён не вяртаўся дзесяць гадоў. Я чула, што пад канец свайго выгнання ён пачаў быў патроху папраўляцца, але варта было вярнуцца дадому, як адбыўся моцны рэцыдыў. Яго ахапіла рэлігійная хандра, а гэта ўжо практычна вар’яцтва.

      – Кажуць, трапіў у лапы папа́м, – прабурчаў стары генерал. – Ведаю, што ён тысячы аддаў, каб фундаваць манастыр, і сам жыве амаль як манах – ці прынамсі самотнік. Не разумею, які яны ў гэтым бачаць сэнс.

      – Чортавы забабоны ўсё, – фыркнуў Кокспэр, – пра такое трэба пісаць. Вось чалавек, які мог прынесці карысць Імперыі і ўсяму свету, а гэтыя крывасмокі ўхапіліся і ўсе сокі з яго цягнуць. Іду ў заклад, яны са сваімі расказамі пра той свет нават ажаніцца яму не даюць.

      – Вашая праўда, ён так ніколі і не ажаніўся, – сказала лэдзі. – Шчыра кажучы, у час нашага знаёмства ён быў заручаны, але не думаю, што гэта хоць калі мела для яго вялікае значэнне, і ён забыўся пра нявесту, як і пра ўсіх іншых. Як у Гамлета і Афеліі – ён не хоча любіць, бо не хоча жыць. Але я знала тую дзяўчыну, папраўдзе, знаю яе і цяпер. Між намі кажучы, гэта была Віёла Грэйсан, дачка старога адмірала. Яна таксама дагэтуль не выйшла замуж.

      – Вось жа паскудства! Чорт ведае што! – усклікнуў сэр Джон, ускочыўшы. – Гэта не проста трагедыя, гэта злачынства. Я маю абавязак перад грамадствам, і я хачу на ўласныя вочы ўбачыць увесь гэты абсурдны кашмар. У дваццатым стагоддзі… Ён ледзь не задыхаўся ад абурэння. Памаўчаўшы, стары ваяка дадаў:

      – Я не сцвярджаю, што шмат пра тое ведаю, але мне здаецца, усім гэтым аматарам рэлігіі не зашкодзіла б прачытаць кніжку, у якой сказана: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых”.

      – Вось толькі, на жаль, усё менавіта так, як і выглядае, – з уздыхам сказала яго жонка. – Як нейкая жудасная гісторыя пра мерцвяка, што зноў і зноў бясконца хавае іншага такога ж, як ён.

      – Бура нас абышла, – сказаў Рамэйн з даволі загадкавай усмешкай. – Усё ж не давядзецца вам наведваць гэты негасцінны дом.

      Жанчына раптам скаланулася.

      – О, гэтага мне больш не трэба! – усклікнула яна.

      Мэлаў пільна паглядзеў на яе.

      – Больш? А вы ўжо спрабавалі? – спытаў ён.

      – Ну, аднойчы, – сказала яна з лёгкасцю, але не без ценю гонару. – Не варта нам пра гэта ўспамінаць. Дождж скончыўся, і здаецца, нам лепш вяртацца да аўто.

      Яны рушылі гужам, які замыкалі Мэлаў і генерал, і апошні раптам сказаў, сцішыўшы голас:

      – Не хачу, каб гэты дробны хам Кокспэр чуў, але раз вы пыталі, то лепш вам ведаць. Гэтага я Марну не дарую, хоць і думаю, што гэта манахі яго падвучылі. Мая жонка, якая была яму ў Амерыцы найлепшым сябрам, і праўда хадзіла ў той дом. Ён у той час шпацыраваў па садзе. Ён глядзеў сабе пад ногі, як манах, схаваўшыся пад чорным капюшонам.

Скачать книгу