Ён прыходзіў з дажджом (зборнік). Коллектив авторов

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов страница 17

Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов Калекцыя «ПрайдзіСвет»

Скачать книгу

style="font-size:15px;">      Вайсковец маўчаў, і святар працягваў:

      – Я чуў гісторыю, якую ўчора расказалі Мэлаў: як Марн з разбітым сэрцам аддаліўся ад свету пасля смерці таго, хто быў яму бліжэйшы за брата. Я ўпэўнены, што гэта не ўсё. Я прыйшоў спытаць вас, ці вядома вам што-небудзь яшчэ.

      – Не, – каротка сказаў генерал. – Больш я вам расказаць не магу.

      – Генерал, – сказаў айцец Браўн з шырокай усмешкай, – калі б я паспрабаваў адказаць гэтак двухсэнсоўна, вы б назвалі мяне езуітам.

      Ваяка хрыпла засмяяўся, а пасля рыкнуў нашмат больш варожа:

      – Што ж, тады проста не раскажу. Што вы скажаце на гэта?

      – Скажу, – мякка адказаў святар, – што ў такім разе мне давядзецца расказаць вам.

      Карыя вочы ўтаропіліся ў яго, але цяпер у іх не было агеньчыка. Айцец Браўн працягваў:

      – Вы прымушаеце мяне тлумачыць – бадай не так спагадліва, як маглі б, – чаму ў мяне няма сумневаў, што за гэтай гісторыяй хаваецца нешта яшчэ. Я цалкам упэўнены, што ў маркіза ёсць больш значная прычына паглыбіцца ў сябе і схавацца ад людзей, чым проста страта старога сябра. І я сумняюся, што святары маюць да яе дачыненне. Я не ведаю нават, навярнуўся ён у каталіцызм або проста суцяшае сумленне міласцінай, але я пэўны, што гэта не проста жалоба. Паколькі вы настойваеце, я назаву вам некалькі прычын, што прымушаюць мяне так думаць. Па-першае, сцвярджалася, што Джэймс Мэйр быў заручаны, але чамусь разышоўся з нявестай пасля смерці Морыса Мэйра. Нашто прыстойнаму чалавеку разрываць заручыны, калі ён проста смуткуе пра смерць некага іншага? Значна больш натуральна было б звярнуцца па суцяшэнне да нявесты, але ў любым разе правілы прыстойнасці абавязвалі яго прайсці праз усё з годнасцю.

      Генерал кусаў свае чорныя вусы, яго карыя вочы глядзелі вельмі засяроджана і нават трывожна, але ён не адказваў.

      – Па-другое, – казаў айцец Браўн, пахмура гледзячы на стол. – Джэймс Мэйр заўсёды прасіў прыяцельку пацвердзіць, што яго кузін Морыс – проста цуд і што жанчыны ад яго будуць у захапленні. Не ведаю, ці прыходзіла лэдзі думка, што такія пытанні могуць мець і іншую прычыну.

      Генерал падняўся на ногі і пачаў хадзіць, тупаючы, па пакоі.

      – Халера яго бяры, – сказаў ён, але зусім без варожасці.

      – Па-трэцяе, – працягваў айцец Браўн, – цікавая ў Джэймса Мэйра манера сумаваць – знішчаць усе рэліквіі, усе партрэты і гэтак далей. Прызнаю, часам такое здараецца. Гэта можа быць знакам цяжкай страты дарагога чалавека. Але можа значыць і нешта іншае.

      – Чорт бы вас узяў, – сказаў ягоны суразмоўца. – Калі вы ўжо скончыце?

      – Чацвертая і пятая прычыны даволі пераканаўчыя, – спакойна адказаў святар, – асабліва калі зірнуць на іх разам. З аднаго боку, у Морыса Мэйра фактычна не было хаўтураў, і гэта пры тым, што ён быў малодшым сынам у вядомай сям’і. Яго, мусіць, пахавалі спехам, магчыма, таемна. І апошняя прычына – тое, што Джэймс Мэйр адразу ж знік у замежжы, па сутнасці,

Скачать книгу