Ён прыходзіў з дажджом (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов страница 16
– Як добра, што вы мне пра гэта расказалі, – сказаў ён. – Праўда, я страшна ўдзячны, бо з гэтым нам, відаць, нешта давядзецца рабіць. Калі б гаворка была толькі пра такіх людзей, як вы з генералам, то ўсё магло б застацца справай прыватнай, але паколькі сэр Джон Кокспэр збіраецца ўзняць гвалт у сваіх газетах… анягож, ён жа аранжыст з Таронта, дык і нам не выпадае заставацца ўбаку.
– Але што вы на гэта ўсё скажаце? – узрушана спытаў Мэлаў.
– Перш за ўсё я на гэта скажу, – прамовіў айцец Браўн, – што тое, як вы гэта падаяце, да праўды не падобнае. Дапусцім – выключна дзеля дыскусіі, – што мы і праўда ўсе змрочныя крывасмокі і дарэшты разбураем людское шчасце. Дапусцім, я – змрочны крывасмок, – ён пачухаў нос мядзведзікам, але пачаў усведамляць недарэчнасць сваіх паводзінаў і адклаў яго. – Дапусцім, мы разбураем усе асабістыя і сямейныя повязі. Навошта нам ізноў распальваць у чалавеку старую сямейную прыхільнасць у той момант, калі ён пачынае паказваць прыкметы выбаўлення ад яе? Вядома ж, не зусім справядліва адначасова абвінавачваць нас у тым, што мы разбураем повязі і тут жа тыя самыя захапленні заахвочваем. Не разумею, адкуль нават рэлігійны маньяк мог бы мець такую манію, а таксама як рэлігія можа гэтую манію павялічыць, за выключэннем таго, каб асвятліць яе промнем надзеі.
І пасля паўзы ён дадаў:
– Я б хацеў пагутарыць з гэтым вашым генералам.
– Гэта яго жонка расказала, – сказаў Мэлаў.
– Так, – быў адказ, – але мне больш цікава, пра што змаўчаў ён, а не што расказала яна.
– Вы мяркуеце, што ён ведае больш за яе?
– Мяркую, яму вядома больш, чым яна расказала, – адказаў айцец Браўн. – Вы кажаце, ён абмовіўся, што дараваў бы ўсё, толькі не грубасць да яго жонкі. Зрэшты, а што яму яшчэ дараваць?
Айцец Браўн устаў, абтрос сваю бясформенную вопратку і так і стаяў ды глядзеў на хлопца напружаным, злёгку збянтэжаным позіркам. Праз момант ён павярнуўся, узяў свой не менш бясформенны парасон і вялікі пацёрты капялюш і патупаў па вуліцы.
Ён мінуў не адну шырокую вуліцу і плошчу, пакуль не прыйшоў да прыгожага старасвецкага дому ў Вест-Эндзе, дзе спытаў слугу, ці можна пабачыцца з генералам Аўтрэмам. Кароткая дзяжурная размова – і яго ўрэшце правялі ў кабінет, дзе кнігі саступалі па колькасці мапам і глобусам. У ім сядзеў лысы англа-індыец з чорнымі бакенбардамі, курыў доўгую тонкую цыгару і гуляўся са шпількамі на мапе.
– Даруйце, што ўрываюся, – сказаў святар, – асабліва таму, што маё ўварванне мяжуе з умяшаннем у ваш занятак. Я хачу абмеркаваць з вамі прыватную справу, але выключна ў спадзяванні, што яна і застанецца прыватнай. На жаль, здаецца, ёсць