Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 31
I як бы яшчэ раз сцвярджаючы гэта, Мацвей адразу ж за могілкамі ўбачыў валоў, што лена валюхаліся па схаваным за кустамі полі, пачуў голас, які падганяў іх:
– Цоб, цоб-цабе, ваўкарэзіны.
Мацвей з Шахраем падышлі да поля. Аркадзь Барздыка – Мацвей пазнаў яго адразу – абганяў бульбу.
– Дзень добры, бог помач вам! – бадзёра павітаўся з Барздыкам Шахрай. Мацвей таксама хацеў сказаць нешта добрае, але перахапіла голас.
– Дзень добры, начальнікі,– панура і неахвотна азваўся Барздыка, мімаходам зыркнуў толькі на Шахрая, як усё роўна і не стаяў побач з ім ён, Мацвей. I Мацвей разгубіўся і пакрыўдзіўся, нібыта ён ехаў толькі дзеля таго, каб сустрэцца з Барздыкам. I той сустрэў яго, але прызнаць не пажадаў. Але крыўда і разгубленасць зніклі імгненна, як і з'явіліся: над'ехаў да іх і спыніўся газік. I Мацвей зразумеў, што ён адвык ад Княжбора. Не Барздыка забыў аб ім, а таму і не прызнаў: ён забыўся пра Барздыку, свайго аднавяскоўца.
Княжборцу, а асабліва Барздыку, кожны чалавек, кожны гараджанін, які вось так вольна крочыць у такі гарачы час па дарозе – начальнік, а калі ў яго яшчэ партфель ці, горш таго, ён яшчэ і пры машыне – вялікі начальнік. I аб чым яму гаварыць з гэтым начальнікам – каб хлебам, сенам ці дрывамі дапамог, не дапаможа. Ці ж варта тады зубы выскаляць, языком мянціць, марна траціць час. Вунь якое ў яго поле, пакуль сонца не зойдзе, трэба ж управіцца з ім, абагнаць кардоплю. I стаіць ён зараз перад імі, начальнікамі, як валы яго стаяць, глядзяць у зямлю, жуюць жвачку, чакаюць каманды паганятага. Панукне ён іх, напнуць яны хрыбціны, худыя і ў гноі яшчэ зімовым азадкі, крануцца і пабрыдуць. Барздыка, Мацвей разумее гэта, знарок не глядзіць на яго, і на Шахрая не глядзіць, утаропіўся ў зялёныя шаты маўклівых дубоў. На голле дубоў ужо сіненька прыпадае вечар, змрок спаўзае з голля, макавак дрэў і хутка-хутка прыпадзе да каранёў, упадзе на траву – і настане вечар. А вечарам у Барздыкі новы клопат: мо ён і цяпер чуе, як рохкае ў сырым закутку парсюк, мо ён чуе, як стогнуць валы, напрацаваліся, просяцца ўжо ў хлеў. А самога Барздыку недзе пад лавай ці пад павеццю чакаюць яшчэ сякера, піла: пакуль вада не сышла, пакуль вада блытае сляды, трэба і дубок які-ніякі па дровы ці слупкі заваліць і да хаты на лодцы па вадзе прыгнаць. А там ужо, глядзіш, і світаць пачне, ночы вясной кароткія. А раніцай зноў за тое ж самае, што не дароблена ўчора, і ўвесь дзень, што кола, паспявай толькі круціцца. Дзецям сваё, жонцы сваё, а яшчэ ж і калгасу яго трэба аддаць. Усюды і ўсім ён павінен. Аніводнай вольнай хвілінкі, на тым свеце толькі адпачне.
– Што