Усё ўлічана. All inclusive. Сяргей Календа
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Усё ўлічана. All inclusive - Сяргей Календа страница 6
Хасан насамрэч рэдкасны казёл зь вельмі сумнымі, сьлязьлівымі вачыма. Пяць год, пяць доўгіх год запар Хасан кожны вечар прыяжджае на працу а шостай вечара й зьяжджае а восьмай раніцы, без выходных, безь перапынкаў, без адпачынку… Пяць год запар ён, як наладжаны карны мэханізм, прыяжджае на працу адно дзеля таго, каб калупаць пэрсанал, звальняць, сварыцца, лаяць за хібы, ненавідзець супрацоўнікаў гатэлю зялёнай нянавісьцю самотнага, неўладкаванага, незадаволенага чалавека, нянавісьцю мужчыны, які не разумее смаку алькаголю й ня ведае асалоды ад шчырага сэксу.
Ён усё жыцьцё марыў пра штосьці выключнае ў сваім жыцьці, і, як вынік, ён гэта атрымаў, праца начнога мэнэджара ва Ўсходняй Эўропе зрабіла яго амаль ня самым вядомым жыхаром ягонай вёскі, усе яго там паважаюць, цэняць, на рукох носяць, але тут, тут яго ненавідзяць усе чатырыста супрацоўнікаў пяцізоркавага гатэлю, тут, у Менску, ён жыве ў сваім пакоі, як старая шафа, – зьбірае на сябе пыл і выглядае нязграбна, замінае прасторы. Тут, на працы, нават калі ён выпраўляецца на рэдкі для сябе адпачынак дадому, на радзіму, ён нікому ня кажа, куды едзе, бо тлумачыць беларусам пра разьмяшчэньне сваёй малой вёскі – тое самае, што спрабаваць растлумачыць вартасьць існаваньня ў ісламе абразаньня для жанчын.
Хасана ніхто ня любіць, ён – тая самая адзінка ў гатэлі, да якой ставяцца з агідай, але дазваляюць існаваць, як пухліне, якая не перашкаджае здароўю і якую лепей не чапаць, каб не нашкодзіць самому сабе. Гэты чалавек пасьпеў жорстка пакараць аднаго з кухараў. Аднойчы ўвечары, адсачыўшы па камэрах, што той скраў колькі палак сакавітага сьвежага карбанату, Хасан вырашыў пасадзіць чалавека замест звальненьня, не разумеючы, што ў таго кухара Валеры, дакладней – другога кухара-асыстэнта шэфкухара, заробак памерам з чатыры палкі карбанату. Начны мэнэджар затрымаў няшчаснага мужчыну, які ўжо марыў пра тое, як жонка будзе пляскаць у ладкі, пабачыўшы, чым ён разжыўся на працы. Была тэрмінова выклікана міліцыя, якая па прыбыцьці не давала веры сваім вачам – хударлявы кухар Валера, зьбялелы, з дрыготкімі рукамі і вялікімі вачыма, сядзіць на зэдліку ў кабінэце начнога мэнэджара, на стале тры палкі карбанату, а сам Хасан узвышаецца ў фатэлі… Нават міліцыя не разумела, што такога зрабіў кухар, каб прасіць аформіць крымінальную справу… Але факт злачынства быў запратакаліраваны, і наложаны адміністратыўны штраф.
Начны мэнэджар да гэтага часу ня вывучыў ані расейскую, ані ангельскую, ані беларускую мовы, размаўляе асобнымі словамі й гукамі… Ён можа набраць на мабілцы пакаёўку й раўсьці ёй у вуха, што патрэбна тэрмінова батарэйка! Якая батарэйка? Куды? Для чаго?.. Што за батарэйка?! І толькі праз паўвечара высьветліцца, што адзін з пастаяльцаў тэлефанаваў на рэцэпцыю й прасіў дадатковы абагравальнік у нумар, бо зьмерз… Альбо Хасан часта перад пачаткам працоўнага вечара-ночы абыходзіць усе кропкі – кабінэт аховы, камэра-мэны, бар, рэцэпцыя, спа-цэнтар, цырульня, басэйн, фітнэс,