Шалом. Артур Клінаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шалом - Артур Клінаў страница 17
– Ты павінна ўбачыць сапраўдны ўсход! Зьезьдзіць да нас – тое самае, што наведаць Індыю! Беларусь – сьвятая зямля арыйскіх багоў! У часы акупацыі гаўляйтар Кубэ нават хацеў Асгард збудаваць у нашых багнах. Не пасьпеў, праўда. Масква бомбу пад матрац падклала. Дарэчы, як цябе завуць? Мяне – Андрэй, але тут, у Нямеччыне, сябры завуць Андрэ.
– Інгрыд!
– Інгрыд! Якое кляснае імя! Гучыць як у багіні з старажытнага нямецкага міту! Ну што, едзеш?
– Добра, паехалі! У цябе ёсьць што-небудзь выпіць? – яна ўсьміхнулася з выглядам чалавека, які, вядома ж, ні ў які Могель на сьвята піва ехаць не зьбіраўся, але патусавацца вечарок зь дзіваком у шаломе ў прынцыпе ня супраць.
У Андрэ яшчэ заставалася пятнаццаць эўра, якія нядрэнна было б з розумам расьцягнуць да Бэрліну. Але, зь іншага боку, падумаў ён, бутэлька «Егермайстару» ў такі зябкі вечар была б вельмі дарэчы. «А, хрэн зь ім! Да Бэрліну ўсяго нейкіх дзьвесьце пяцьдзясят кілямэтраў. Калі раніцай выехаць, то пасьля заходу сонца я ўжо буду з хобітамі парыць мазгі грапай у Тахелесе», – вырашыў ён і ўголас прамовіў:
– Ты ня ведаеш паблізу якой-небудзь недарагой крамы кшталту «Лідла»?
Увесь час, пакуль Андрэ размаўляў зь Інгрыд ды нахвальваў ёй вартасьці магілёўскага піўнога фэсту, за імі нястомна назіралі некалькі параў уважлівых вачэй. Калі ж яны рушылі ў бок найбліжэйшага недарагога супэрмаркету, нехта, відаць, добра знаёмы зь Інгрыд, паклікаў яе і, пацікавіўшыся, куды яны накіроўваюцца, асьцярожна запытаў, ці ня мог бы ён да іх далучыцца.
На што Андрэ, акінуўшы вокам экстравагантную фрызуру кандыдата ў кампанію й крыху расправіўшы плечы, рашуча адказаў:
– Ведаеш, камрадэ, я вяртаюся з фронту й крыху патраціўся ў дарозе. Наступным разам, калі наведаю Гановэр, абавязкова пастаўлю выпіўку ўсяму вакзалу, але сёньня, на жаль, «Егермайстру» хопіць толькі на дваіх.
Пакуль яны прабіраліся праз сутоньне дажджлівых вуліцаў да недарагой крамы, Андрэ зацікаўлена з усіх бакоў прыглядаўся да Інгрыд.
«Так, тое, што трэба! Я ўзяў бы яе з сабой у сьвятую зямлю германскіх багоў!» Яму падабаліся паненкі крыху хударлявага, падлеткавага складу, зь невялікім бюстам ды зграбным азадкам, асабліва калі ён, як цяпер у Інгрыд, быў туга абцягнуты чорнымі джынсамі.
Яшчэ ў юнацтве ў альтэрнатыву тургенеўскім дзяўчатам Андрэ стварыў сабе вобраз фасбіндэраўскай жанчыны. У тургенеўскіх дзяўчатах, апроч таго, што іх укладала ў недасьпелыя мазгі школьная праграма, яго не задавальнялі іх малая драматычнасьць, недастатковы ўнутраны надрыў душы. Яны здаваліся яму гэткімі нявіннымі панначкамі з шырока расплюшчанымі блакітнымі вачыма, плюшавымі зайчыкамі зь мяккай канапы. У іх прысутнасьці, яшчэ нічога не зрабіўшы, а толькі падумаўшы, ён адразу адчуваў сябе нягоднікам, распусным бабнікам, сіняй барадой, згубцам маладых сэрцаў.
У процілегласьць ім узор жанчыны, якую ён сэлекцыянаваў зь фільмаў Фасбіндэра, уяўляў зь сябе выяву кубістычную, з мноствам зломаў, перападамі сьвятла й ценяў.